Людміла Эдуардаўна Бачыла (Скарупа) нарадзілася 13 лютага 1951 года ў Мінску ў сям’і ваеннаслужачага.

Гады вучобы

Два гады вучылася ў школе №11 г. Барысава, у 1968 г. паспяхова скончыла сярэднюю школу №10 г. Слуцка. Дзякуючы дырэктару школы і настаўніку матэматыкі слуцкай школы Рубанаву Сяргею Фёдаравічу, чые імя зараз прысвоена ўстанове адукацыі, на ўсё жыццё захапілася гэтай дакладнай навукай. Марыла аб настаўніцкай рабоце, але бацькі хацелі, каб дачка стала інжынерам. Перамагло прызванне, і ў чэрвені 1974 года Людміла Эдуардаўна скончыла Мінскі педагагічны інстытут імя А.М.Горкага.

Педагагічная і кіраўніцкая дзейнасць

Атрымаўшы дыплом па спецыяльнасці “Матэматыка”, пачынае сваю педагагічную дзейнасць у сярэдняй школе №2 г. Барысава. Працуе апантана, пераконвае бацькоў і ўсіх навокал у тым, што прафесію абрала нездарма. У школе №2 г. Барысава працавала 10 гадоў настаўніцай, з 1984 па 1988 - намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце затым 2 гады дырэктарам у сярэдняй школе №19 г. Барысава.

У 1990 г. Людміла Эдуардаўна прымае прапанову кіраўніцтва вобласці рэарганізаваць сярэднюю школу №19 г. Барысава ў першую ў горадзе гімназію. Малады кіраўнік, атрымаўшы падтрымку калектыву, згаджаеццца. Пры гэтым у школе яшчэ вучыцца больш за 2000 вучняў! Усе разумелі, што зменай шыльды не абыдзецца. Кіраўніцтвам і настаўнікамі ўстановы было прыкладзена шмат намаганняў, каб у гімназіі №1 г. Барысава якасна змяніўся працэс адукацыі. Людміла Эдуардаўна ўзгадвае: “Не было на маёй памяці ніводнага дня, тыдня, калі б мы працавалі напаўсілы. Нам даверылі стаць наватарамі. Пераадольваючы шмат цяжкасцей, мы сталі ўносіць у расклад заняткаў псіхалогію, рыторыку, інфарматыку, гісторыю рэлігій, іншыя прадметы, якія потым з’явіліся ў вучэбных планах гімназій. Першымі ў рэспубліцы апрабіравалі мультыпрофільную мадэль навучання, атрымалі выдатныя вынікі. Пасля першых год работы ў статусе гімназіі мы заўважылі, што дзеці, якія засвойваюць прадметы эстэтычнага накірунку, адчуваюць сябе больш упэўненымі, у іх павышаецца агульнаадукацыйная паспяховасць. Так прыйшлі да высновы, што неабходна стварыць умовы для выкладання харэаграфіі, вакала, музыкі, тэатральнага майстэрства. І праз некалькі год ужо давалі такія канцэрты сіламі сваіх выхаванцаў, што здзіўляліся не толькі бацькі, але і кіраўніцтва, якое часта наведвала ўстанову з праверкамі або з іншымі мэтамі”. Сёння ў гімназіі дзейнічаюць 3 дзіцячыя ўзорныя калектывы, амаль 400 дзяцей кожны год могуць развіваць свае творчыя здольнасці ў гуртках і аб’яднаннях на базе гімназіі.

 

Нягледзячы на высокую напружанасць кіраўніцкай дзейнасці, мноства грамадскіх даручэнняў і абавязкаў, Людміла Эдуардаўна ніколі не пераставала выкладаць любімую матэматыку. Вучні ведаюць яе як патрабавальнага і справядлівага настаўніка. Жадаючы падкрэсліць вялікую ролю ўрока, дырэктар стварыла “культ урока” ў гімназіі. Кадры вырашаюць усё, а якасць кадраў адлюстроўвае якасць урока. Усе прафесійныя і асабістыя якасці настаўніка больш за ўсё раскрываюцца падчас урока, і таму ад яго якасці (зместу, насычанасці, аптымальнай будовы, тэхналагічнай адпаведнасці, псіхалагічнай атмасферы, інш.) залежыць агульная якасць работы ўстановы. Пад кіраўніцтвам Бачыла Л.Э. больш за 10 членаў калектыву атрымалі нагрудныя значкі “Выдатнік адукацыі”, сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі, узнагароджаны шматлікімі ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі і мясцовых органаў кіравання за высокія дасягненні ў педагагічнай працы.

Лідарскія якасці Бачыла Л.Э. праявіліся не толькі ў кіраўніцтве гімназіяй. Яна неаднаразова станавілася дэпутатам Барысаўскага раённага савета дэпутатаў, прымала ўдзел у ІІІ Усенародным сходзе, Рэспубліканскім педсавеце, кіравала гімназічнай арганізацыяй “Белая Русь”, уваходзіла ў склад савета дырэктараў устаноў новага тыпу Мінскай вобласці - ды ці мала яшчэ спраў на ліку энергічнай і нястомнай Людмілы Эдуардаўны. У яе кабінет заўсёды былі адчынены дзверы, і кожны, хто прыходзіў з грамадскай прапановай, асабістай просьбай, атрымліваў параду або дапамогу.

Асаблівая гордасць гімназіі - поспехі яе вучняў. Больш за 130 дзяцей за гады дырэктарства Бачыла Л.Э. атрымалі заахвочванні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі. Іх поспехі і прафесійныя перамогі настаўнікаў дазволілі гімназіі №1 г. Барысава стаць вядучай установай адукацыі ў Барысаве і адной з лепшых у вобласці. У 2014 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь калектыў гімназіі быў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару.

Бачыла Л.Э. узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, граматамі Мінскага аблвыканкама, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, знакам “Выдатнік народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь” (1992 г.), медалём Францыска Скарыны (2005 г.), з’яўляецца лаўрэатам прэміі спецыяльнага фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі (2006 г.).

Больш за 45 гадоў педагагічнага стажу Бачыла Л.Э. - частка агульнага стажу сямейнай педагагічнай дынастыі, які налічвае больш за пяцьсот гадоў. І гэтыя лічбы павялічваюцца: Людміла Эдуардаўна працягвае выкладаць матэматыку ў гімназіі, а яе ўнучка працягвае навучанне ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.