Марыя Антонаўна Шакун
Безумоўна, кожны чалавек індывідуальны і непаўторны, са сваім характарам, тэмпераментам, талентам. Сёння хочацца расказаць пра таленавітага чалавека, цудоўную жанчыну, паэта і педагога – Марыю Антонаўну Шакун, уражэнку невялікай вёсачкі Узбалаць, што на Валожыншчыне.
Марыя Антонаўна Шакун (Далінкевіч) закончыла сярэдняю школу № 1 г. Валожына. Гэта быў пасляваенны класс, дзеці незвычайна цягнуліся да ведаў! І выпуск атрымаўся цудоўны: у будучыні хлопцы і дзяўчаты сталі ўрачамі, настаўнікамі, вучонымі.
Марыя Антонаўна таксама ўваходзіць у кагорту слаўных выпускнікоў, сення яна – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член раённага літаратурнага аб’яднання “Рунь”.
Дзяцінства паэткі праходзіла сярод шумлівых лясоў, бяскрайніх палёў. З паўночнага боку за вёскай працякала рака Заходняя Бярэзіна. Маленькую дзяўчынку ўсё цікавіла і хвалявала, з маленства яе душа была напоўненая дабрынёй, пяшчотай і спагадай. У сям’і выхоўвалася трое дзяцей. Усе паважалі адзін аднаго, шчыра працавалі, умелі добра адпачыць.
Пасля заканчэння дзесяцігодкі ў 1954 годзе Марыя стала студэнткай філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта імя У.І.Леніна. Мінск зачараваў, закружыў, закахаў у сябе. Лекцыі, вечарыны, тэатры, вуліцы, плошчы, скверы - усё, як чароўная сімфонія. Хутка праляцелі студэнцкія гады. І ўжо дыпламаваным спецыялістам яна была накіраваная настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Капусцінскую васьмігодку.
Няўрымслівым і цікаўным вясковым хлопчыкам і дзяўчаткам настаўніца даносіла паэтычнае слова Пушкіна і Блока, Лермантава і Ясеніна. Разам з тым яна вучыла дзяцей любові да роднай зямлі, яе гісторыі і культуры. Працы ў школе Марыя Антонаўна аддала 20 гадоў жыцця. Гэта быў незабыўны час. Кожны яе урок рускай мовы пачынаўся з невялічкіх лірычных замалёвак. Крылатыя выразы, радкі з вершаў, афарызмы… Усе гэтыя “немудрагелістыя” прыёмы садзейнічалі лепшаму засваенню вучэбнага матэрыялу, тым самым адначасова давалі дзецям магчымасць запамінаць вершаваныя радкі класікаў. Для разбору сказаў настаўніца таксама прымянала ўрыўкі з літаратурных твораў.
Першыя вучні Марыі Антонаўны сёння ўжо пенсіянеры, але ўспаміны пра школьныя гады яны беражліва і захоўваюць і цяпер. Як цікава было на ўроках! Ніхто і не думаў шумець ці свавольнічаць, дзеці з нецярпеннем чакалі чарговы ўрок мовы ці літаратуры, бо акрамя літаратурных твораў настаўніца знаёміла дзяцей з карцінамі вялікіх мастакоў. У тыя далёкія часы ім, вясковым дзецям, гэта было сапраўдным адкрыццём свету мастацтва. Затым Марыя Антонаўна прапаноўвала вучням апісаць свае эмоцыі і ўражанні ў сачыненнях. Хтосьці хацеў пабываць на моры. А некаторыя марылі аб падарожжы ў далёкую Італію. Да таго ж Марыя Антонаўна была актыўным класным кіраўніком. Са сваімі вучнямі яны пабывалі ў Кіеве. Запамінальнай таксама была і паездка ў тагачасны Ленінград.
А колькі было ў яе настаўніцкім жыцці паходаў! Пешшу хадзілі ў Івянец, начавалі на беразе хуткаплыннай Іслачы, пелі ля вогнішча песні, гулялі ў мяч. Але ж нязменным было і застаецца яе стаўленне да жыцця: ”Жыць чэсна, дапамагаць іншым, тварыць дабро”.
Ішоў час. У 1975 годзе настаўніцу запрасілі працаваць ў аддзел адукацыі. Ўжо ў якасці метадыста яна перадавала свае веды маладым калегам. Затым была загадчыкам раённага метадычнага кабінета, намеснікам загадчыка аддзела адукацыі. За вялікі ўклад у педагагічную дзейнасць Марыя Антонаўна была ўзнагароджана Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Акрамя таго, яна выдатнік народнай асветы. Трапным словам, умелай заўвагай імкнулася падказаць маладым, як цікава правесці ўрок ці пазакласнае мерапрыемства.
З 2003 года Марыя Антонаўна працавала метадыстам па турысцка-краязнаўчай рабоце ў раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. На прайцягу ўсяго жыццёвага шляху нязменнай спадарожніцай была яе муза – Паэзія. За сціплымі радкамі біяграфіі - вялікае жыццё сапраўднай беларускі, якая хвалюецца за будучыню роднай зямлі. Што ні верш, то аповед пра родную старонку, землякоў, прыроду, каханне. Асобае месца ў паэзіі Марыі Антонаўнны займае тэма прафесіі настаўніка. З якой любоўю і пяшчотай яна спявае гімн нялёгкай педагагічнай працы. “Навечно вызванный к доске, просвеченный рентгеном детскіх глаз, в какой земле, в какой реке берёшь ты сілы каждый раз”… Ці “хай жа хопіць сілы , ведаў і сумлення з дня ў дзень ісці, як на прысягу, у клас.”
Марыя Антонаўна з’яўляецца таксама актыўным ўдзельнікам раённага народнага хору ветэранаў“Спяваючыя сэрцы.”
Хочацца верыць, што яшчэ доўга Марыя Антонаўна будзе радаваць нас сваёй паэзіяй, такой ўзнёслай, і ў той жа час даступнай кожнаму чалавеку.