Леаніда Іванаўна Любецкая (1926 – 2007),

заслужаны настаўнік БССР і выдатнік народнай асветы

Леаніда Іванаўна Любецкая нарадзілася 16 верасня 1926 года ў вёсцы Думічы Капыльскага раёна ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. Бацькі Леаніды Іванаўны выхоўвалі дачку і дваіх сыноў Альберта і Браніслава працавітымі, сумленнымі, годнымі ў лепшых сямейных традыцый. Сваё дзяцінства Леаніда Іванаўна ўспамінала са смуткам. Цацкі былі самадзельныя, зрэдку бацькі балавалі дзяцей прысмакамі пасля ўдалай паездкі ў сталіцу, дзе прадавалі сельскагаспадарчую прадукцыю. У сям’і працавалі ўсе. У маленькай Лёні былі абавязкі няні для малодшага брата Бронека. Так з дзяцінства яна спасцігала азы педагогікі. Затым былі суровыя выпрабаванні вайны, старэйшы брат Альберт быў цяжкапаранены і вярнуўся дамоў без нагі.

Пасляваенныя гады былі таксама цяжкімі. Паспела скончыць Драгавіцкую  сярэднюю школу, у 1947 годзе Нясвіжскае педвучылішча. Леаніда Іванаўна не імкнулася трапіць ў вялікія гарады, таму што любіла сваю малую Радзіму. З Капыльшчынай звязана ўсё яе жыццё, дзе ў Лоцвінскай пачатковай школе пачала сваю педагагічную дзейнасць. З 1948 года яна пачынае выкладаць рускую мову і літаратуру ў Слабада-Кучынскай сярэдняй школе, якой аддасць 36 лепшых гадоў свайго жыцця. Яна змагла рэалізаваць сябе, прынесці карысць не толькі дзяржаве, але і канкрэтнаму чалавеку. Дарэчы, лепшыя яе якасці праявіліся не толькі ў прамоўніцкім таленце, але і ва ўнутраным багацці, якое не выстаўляла на паказ, а вызначаецца па ўчынкам і адносінах да акружаючых. Але галоўнае, што яе вылучала – жаданне і уменне працаваць.Строгая настаўніца пакарала сваіх вучняў манерай паводзін, высокай культурай і ведамі. Яе ўрокі рускай літаратуры праходзілі як спектаклі. Не толькі атрымаць адукацыю дапамагла сваім вучням настаўніца, але і вызначыцца ў кругавароце жыцця. З задавальненнем Леаніда Іванаўна сустракала  вучняў на парозе свайго дома ў пасёлку Заполле ўжо пасля заканчэння імі школы. За шклянкай чаю абмяркоўваліся розныя тэмы, цікавілася лёсам кожнага вучня. Аб яе працы, чалавекалюбстве, шчырасці, гасціннасці з захапленнем і павагай успамінаюць землякі.

 Па ўспамінах Барыса Дзенісюка (выпускнік 1984 года):

“Леаніда Іванаўна – Педагог з вялікай літары, чалавек незвычайных здольнасцей і высокага прафесіяналізму. Усё сваё жыццё Настаўнік Любецкая прысвяціла навучанню і выхаванню вучняў, фарміраванню асобы людзей чатырох  пакаленняў, развіццю педагогікі. Ёй ганарыліся, ёй  удзячныя вучні, многія з якіх сталі паслядоўнікамі любімай настаўніцы. Леаніду Іванаўну заўсёды вызначалі адказнасць за сваю справу, адданасць любімай  прафесіі, лепшыя чалавечыя якасці: інтэлегентнасць, прыстойнасць, жаночае абаянне і прыгажосць. Хутка ляцяць гады, абнаўляецца жыццё, другімі становяцца адносіны да чалавечых каштоўнасцей. Але што не адбывалася, навек застанецца жыць  светлая памяць аб тым шляху, па якім ішла любімая настаўніца Леаніда Іванаўна Любецкая і вяла за сабой нас. Вось ад гэтага радасна на душы, а сумна ад таго, што ўжо ніколі парог роднай школы не пераступіць яна”.

Яе выпускнікі вядомы далёка за межамі краіны: Аляксандр Луцэвіч, беларускі фізік, дацэнт, кандыдат педагагічных навук; Надзея Караленка, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь; Вячаслаў Ярмалінскі, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь; Валянціна Крукоўская, заслужаны настаўнік і выдатнік народнай асветы РСФСР; Барыс Дзенісюк, член грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз журналістаў” і “Беларускі саюз афіцэраў”.

Працоўная дзейнанасць Любецкай Леаніды Іванаўны адзначана ўрадавымі ўзнагародамі: медалямі “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна ” (1970),  “Ветэран працы” (1990), Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР, Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў, Капыльскага райвыканкама  і РАНА. 1 лютага 1984 года ёй устаноўлена персанальная пенсія. За дасягненне выдатных поспехаў у галіне народнай адукацыі Леанідзе Іванаўне прысвоенны званні: “Выдатнік народнай адукацыі” (1964), “Заслужаны настаўнік БССР” (1967). Імя Педагога назаўсёды ўнесена ў Беларускую энцыклапедыю як выдатнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.