Іван Сцяпанавіч Трацэўскі (1921 – 1976),

ветэран Вялікай Айчыннай вайны 

(муж Леаніды Іванаўны Любецкай)

У баях за Радзіму на Заходнім, Бранскім, Варонежскім, Сцяпным, Сталінградскім і 1-м Украінскім франтах Іван Сцяпанавіч Трацэўскі праявіў мужнасць і гераізм, быў двойчы паранены. Асколкі з цела выходзілі ўсё жыццё. Ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі», «За абарону Масквы», «За ўзяцце Вены», «За вызваленне Прагі», «За перамогу над Германіяй у 1944 — 1945 гг.».  

Будучы дырэктар Слабада-Кучынскай СШ Іван Сцяпанавіч Трацэўскі нарадзіўся ў 1921 годзе ў пасёлку Заполле Слабада-Кучынскага сельсавета, стаўшы пятым дзіцем у мнагадзетнай сялянскай сям’і. Скончы ўмясцовую сямігодку, Старыцкую сярэднюю школу і марыў стаць інжынерам аўтатранспарту. Але ў кастрычніку 1939 года датэрмінова прызваны ў Чырвоную Армію (Ваенна-Паветраныя Сілы). Баявое хрышчэнне атрымаў у складзе  байцоў 480-га стралковага палка 250-й Забайкальскай стралковай дывізіі пад горадам Ярцавам Смаленскай вобласці, дзе быў цяжка паранены 1 верасня 1941 года. Там савецкія воіны спынілі наступленне гітлераўцаў на 80 дзён. Далей месяц правёў у шпіталі, у якім не далячыўся і фактычна збег у дзеючую армію, удзельнічаў у абароне Масквы.

У 1943 годзе на перадавой  лініі  перад боем уступіў у члены ВКП(б) і дастойна пранёс праз усё жыццё ідэалы камуністычнага грамадства, веру ў сваю справу і імкненне да лепшай будучыні. Быў выбраны намеснікам парторга і агітатарам батальёна. Медаль «За баявыя заслугі» атрымаў за ўдзел у Курскай бітве. Фашысцкія танкі прарвалі нашу абарону на Белгарадскім напрамку і выйшлі на зручную адлегласць для абстрэлу аэрадрома Гразнае. Старшына Трацэўскі паспеў эвакуіраваць усё гаручае. Ордэнам Чырвонай Зоркі ўзнагароджаны за вызваленне Кіева. Быў другі раз паранены, але змог вывесці калону бензавозаў з-пад бамбёжкі ў час дастаўкіпаліва на аэрадром Згуроўка. Толькі за восем месяцаў 1943 года яго ўзвод даставіў 15 285 тон авіягаручага, а агульны кіламетраж машын склаў 260 745 кіламетраў.

Дзень Перамогі камандзір аўтаспец узвода 171-га асобнага аўтатранспартнага батальёна 26-га раёна авіяцыйнага базіравання 2-й паветранай арміі І.С.Трацэўскі святкаваў у горадзе Вене — сталіцы Аўстрыі. Не думаў салдат, што пасля 9 мая давядзецца вызваляць сталіцу Чэхаславакіі горад Прагу ад гітлераўцаў. Яшчэ год служыў у саставе Заходняга кантынгента савецкіх войск у Еўропе. Яго маці Марыя Рыгораўна ў 1944 годзе атрымала чатыры пахавальныя лісты на трох сыноў і дачку. Ніводнаму паведамленню не верыла, усіх дачакалася з вайны.

Пасля дэмабілізацыі ў чэрвені 1946 года Іван Сцяпанавіч вярнуўся дамоў і ўжо ў верасні стаў працаваць у Слабада-Кучынскай сярэдняй школе: выкладаў ваенную падрыхтоўку, гісторыю. Скончыў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут, Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага па спецыяльнасці гісторыя (1959). Іспыты ваеннай пары выпрацавалі ў ім моцны характар, яшчэ больш умацавалі любоў да роднага краю, людзей, якіх ён абараняў ад лютага ворага. Усё гэта стала невычэрпнай крыніцай яго працоўнага подзвігу ў мірны час. Аддаў роднай школе 30 лепшых гадоў жыцця: настаўнік, завуч, дырэктар. Яго арганізатарскія здольнасці асабліва праявіліся ў перыяд будаўніцтва новай школы. Шмат зрабіў для выхавання падрастаючага пакалення на прыкладах патрыятызму, любовіда Радзімы, павагі да подзвігу народа. У школе ўсталяваліся добрыя традыцыі правядзення ўрокаў і ранішнікаў, прысвечаных героям вайны, было ўзята шэфства над помнікамі і брацкімі магіламі. Часта праводзіліся маёўкі, паходы і турыстычныя злёты, паездкі ў гарады-героі. Да любой справы падыходзіў па-гаспадарску, да людзей адносіўся з разуменнем, быў шчодры і бескарыслівы, добры і сціплы. Ніколі нікога ў жыцці не пакрыўдзіў, не сказаў дрэннага слова.

Сярод яго выпускнікоў шмат ваенных і спартсменаў: Іван Грыцкевіч, палкоўнік, лётчык-выпрабавальнік 2-га класа; Леанід Яўсюк, палкоўнік, намеснік начальніка штаба ГЛВЦ імя В.П. Чкалава (г. Ахтубінск); Уладзімір Рыбак, заслужаны трэнер БССР; Анатолій Кашуба, падпалкоўнік, майстар спорту па футболе.

Іван Сцяпанавіч прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам абласнога, раённага, сельскага Саветаў народных дэпутатаў. Шматлікімі ганаровымі граматамі і падзякамі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, медалём «За працоўную доблесць» адзначана гэта плённая праца і ўклад, які ўносіў сваёй дзейнасцю ў развіццё дзяржавы. Жыццё Вялікага Чалавека перарвалася неспадзявана пасля каварнай хваробы 17 сакавіка 1976 года. І толькі тады, упершыню, землякі ўбачылі баявыя ўзнагароды выдатнага кіраўніка і любімага педагога. Усяго толькі 54 гады пражыў, а колькі добрага і карыснага зрабіў для людзей! Усё жыццё цудоўнага чалавека аддадзена Радзіме. Таму, 21.04.2005 года, напярэдадні 60-годдзя Перамогі, імя Івана Сцяпанавіча Трацэўскага прысвоена музею ДУА “Слабадакучынская сярэдняя школа”. З 2019 года ў роднай школе праводзіцца турнір па міні-футболе памяці І.С. Трацэўскага.