Іван Дзянісавіч Варвашэня

Вёска Быстрыца і яе наваколле далі Радзіме плеяду герояў і дзяржаўных дзеячаў. У ліку іх — слынны сын Капыльшчыны, адзін з арганізатараў партызанскага руху на Міншчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны Іван Дзянісавіч Варвашэня.

Нарадзіўся Іван Варвашэня ў снежні 1904 года. Бацькі яго вельмі любілі працу, умелі добра абрабляць зямлю і таму мелі хлеб і да хлеба, а таксама навучылі свайго любімага  сыночка і араць, і касіць. Але перш за ўсё яго тату і матулі хацелася, каб іх сын быў адукаваным. Таму пасля  Быстрыцкай пачаткоўкі яго аддалі ў прэстыжнае Цімкавіцкае гарадское вучылішча. Ваня там вучыўся добра і кватараваў у сваіх сваякоў.

Яму выпаў гонар спачатку вучыцца ў выдатнага настаўніка Аляксандра Дзям’янавіча Ляхоўскага, які раней вучыў Мікалая Раманоўскага (будучага пісьменніка Кузьму Чорнага). Ён быў старэйшы за Івана на 4 гады, але Коля быў кампанейскі хлопец, і яны пасябравалі, тым больш, што з ім вучыліся яго сёстры Маня і Ганна. Ведаў ён малодшага брата Раманоўскага  — Міхаіла, які пазней будзе працаваць настаўнікам у Быстрыцы.

Цімкавічы заварожвалі юнака бурлівым жыццём і культурай. Тон ва ўсім задавалі гарадскія настаўнікі і былыя выпускнікі вучылішча. Вялікі ўклад у самадзейнае мастацтва рабіў студэнт Нясвіжскай семінарыі Мікалай Раманоўскі. Ён разам з настаўнікамі Надзеяй Іванаўнай Даменя, Мікалаем Іларыёнавічам Раманоўскім, Зінаідай Кірылаўнай Грынёвай уцягваў студэнтаў (так іх называлі цімкаўляне) у пастаноўку спектакляў, у асваенне спеваў і танцаў. Іван Варвашэня затым разам з усімі самадзейнымі артыстамі выступаў перад местачкоўцамі ў хоры і спектаклях. Многаму ён навучыўся ў Колі Раманоўскага, напрыклад, перадаваць тыя ці іншыя вобразы з п’ес Янкі Купалы ці Каганца, але ў семінарыста Раманоўскага больш выразна атрымліваліся міміка і рэплікі. Пазней прыйдзе вучыцца будучы прафесар Іван Мікалаевіч Лушчыцкі з Агароднікаў і таксама далучыцца да сцэнічнага мастацтва. Яго аднагодкі — цімкаўлянін Павел Жалезняковіч, будучы дзяржаўны дзеяч, і капылянін Мікола Хведаровіч, будучы паэт — сваёй выдатнай вучобай будуць падштурхоўваць Варвашэню вучыцца не горш.

Дарэчы, ён сустрэне сваю першую настаўніцу з Быстрыцкай пачаткоўкі Кацярыну Лаўрэцкую, якая падказала Івану набываць веды ў Цімкавічах. Яна пасля доўгіх гадоў настаўніцтва ў Быстрыцы перавялася ў роднае мястэчка.

 Стаўшы на нейкі час местачкоўцам, Варвашэня адчуваў падтрымку сваёй любімай настаўніцы і нават разам з ёю ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Дзякуючы ўспамінам Міколы Хведаровіча, з якім разам вучыўся Іван Варвашэня, стала вядома і прозвішча дырэктара Аляксандра Міхайлавіча Пархомчыка, які строга сачыў, каб усе студэнты гарадскога вучылішча своечасова аплочвалі за навучанне (па тым часе сума аплаты за навучанне была вялікая — 10 рублёў). Напрыклад, Міколку выклікаў Пархомчык і запытаў, чаму той не ўнёс грошы, а калі не ўнясе, то будзе выключаны. Капылянін разгубіўся і не ведаў, што сказаць. Але яго выручылі добрыя настаўнікі. Настаўніца геаграфіі Нона Мікалаеўна паабяцала ўнесці за беднага студэнта аплату. Вось такія добрыя людзі неслі сваім выхаванцам разумнае, добрае, вечнае. Бацькі ж Івана Варвашэні былі больш заможныя, і праблем з аплатай не ўзнікала.

Падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі ўскалыхнулі Цімкавічы. Салдаты пакідалі фронт пад Баранавічамі і вялікімі групамі ішлі дадому праз мястэчка. У хуткім часе ў цімкавіцкім маёнтку (там, дзе цяпер аўтабаза) арганізаваўся рэўком, які ўзяў уладу ў свае рукі, але не надоўга, бо нямецкія захопнікі акупіравалі Случчыну, і гарадскія вучылішчы распусцілі хлопчыкаў і дзяўчынак па сваіх дамах. А калі выгналі захопнікаў, то запрацавалі зноў навучальныя ўстановы, і равеснікі Івана разам з ім селі за парты. Аднавіўся валасны рэўком, яго старшынёй быў абраны Дзмітрый Якаўлевіч Кот.

Запрацавала самадзейнасць. І вось вечарам Варвашэня разам з Міколам Хведаровічам і Іванам Малюжычам пайшлі разам на спеўку, якая два разы на тыдзень праводзілася ў вучылішчы. Іван Малюжыч пахваліўся перад хлопчыкамі, што ён ідзе ў Чырвоную Армію і таму пакідае вучы- лішча. Назаўтра Варвашэня і Хведаровіч  пайшлі ў рэўком, каб запісацца, як і Малюжыч, у чырвонаармейцы. Ваенны камісар Кот прыняў дакументы ад Малюжыча, а Івану і Міколку сказаў падрасці. “Будзем мець Вас на ўвазе”, — падкрэсліў камісар. Але доўга зноў хлопцы не правучыліся: воласць акупіравалі белапалякі, але яны, у адрозненне ад немцаў, далі дазвол на дзейнасць вучылішчаў. Хведаровіч застаўся ў Капылі, а Іван Варвашэня прадоўжыў вучобу ў гарадскім вучылішчы, Павел Жалезняковіч — у Вышэйшым пачатковым вучылішчы. ВПШ давала сярэднюю адукацыю і прафесію загадчыка пошты ці бухгалтара. Таму пасля выгнання белапалякаў, калі ў Цімкавічах адкрылася працоўная школа другой ступені, Іван прадоўжыў там вучобу. Некаторы час яго вучыў Кузьма Чорны. Тады камсамольскай ячэйкай у мястэчку кіраваў Гілеба, які сагітаваў уступіць у камсамол Івана Варвашэню і Івана Лушчыцкага. Хлопцы актыўна ўдзельнічалі ў прапагандысцкай рабоце сярод насельніцтва бліжэйшых ад мястэчка вёсак і ў ліквідацыі непісьменнасці сярод вяскоўцаў.

Пасля заканчэння працоўнай школы Іван атрымаў сярэднюю адукацыю і дапамагаў бацькам абрабляць зямлю. Умеў добра араць, сеяць, касіць траву, і бацькі раілі яму вучыцца на агранома і прысвяціць сябе сельскай гаспадарцы.  Але яго, камсамольскага актывіста, забіраюць вучыцца на курсы піянерскіх работнікаў пры ЦК ЛКСМ Беларусі, і некаторы час ён з’яўляецца старшынёй бюро юных піянераў Чырвонаслабодскага раёна, а затым працуе на камсамольскай рабоце. У 1928 годзе паступае вучыцца ў Мінскі палітэхнікум. Прыемна было даведацца мне, былому студэнту гэтай навучальнай установы, што там яго помняць, што слыннаму сыну Капыльшчыны прысвечаны стэнд і шмат пра яго дзейнасць сабрана матэрыялаў.

У 1930 годзе наш зямляк паступае ў Маскоўскі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту, а пасля яго заканчэння працуе намеснікам начальніка дыстанцыі Заходняй чыгункі. З 1939 года — на партыйнай рабоце, а перад вайной выбіраецца сакратаром па транспарце Мінскага абкама партыі. Яго кар’ерны рост не выпадковасць. Кампетэнтнасць, эрудзіраванасць і ўменне арганізоўваць работу не маглі быць не заўважаны кіраўніцтвам.

Вайна з фашыстамі яшчэ больш загартавала волю, і ў Івана Дзянісавіча раскрыліся выдатныя арганізатарскія здольнасці. Ён становіцца самым актыўным і выдатным арганізатарам партызанскага руху на Міншчыне. З 21 ліпеня 1941 года і па май 1943 года з’яўляецца другім сакратаром Мінскага падпольнага абкама партыі і адначасова камісарам партызанскага злучэння Слуцкай зоны. Пад яго кіраўніцтвам былі аб’яднаны ў моцнае партызанскае злучэнне разрозненыя партызанскія групы, атрады і брыгады, і многія з іх дзейнічалі на Капыльшчыне. Не раз бываў ён сярод партызан-землякоў і дапамагаў шырэй разгарнуць барацьбу з нямецкімі акупантамі. У пік разгортвання партызанскага руху Іван Дзянісавіч Варвашэня запрасіў да сябе адказнага за выпуск падпольнай райгазеты “Калгаснік Капыльшчыны” Канстанціна Мікалаевіча Клюйку. Дастаў са сваёй сумкі невялічкі мяшочак з друкарскім шрыфтам і сказаў, што падпольны міжрайкам даручае яму, актыўнаму прапагандысту, выпускаць лістоўкі. Так быў наладжаны выпуск лістовак. Праўдзівыя зводкі Саўінфармбюро ўзнімалі патрыятычны дух капылян і ўмацоўвалі ўпэўненасць у перамозе.

Давялося Івану Дзянісавічу стаць удзельнікам Старыцкага бою. Ён, як сакратар абкама, павінен быў правесці мітынг з нагоды свята Кастрычніцкай рэвалюцыі ў брыгадзе імя Чапаева. Але не паспеў ён павіншаваць партызанаў са святам і падняць іх баявы дух, як прыбег паставы Рыгор Айрапетаў і выкрыкнуў: “Немцы! Танкі!”. Усе партызаны без мітусні занялі абарону на ўзгорку. Фашысты абрушылі на народных мсціўцаў патокі агню ад артылерыйскіх гармат. Пасля ашаламляльных залпаў пусцілі танкі, за якімі беглі немцы. Але партызаны не разгубіліся: бухнула адна гармата, затым другая пад кіраўніцтвам Шульгі, а Івану Дзянісавічу давялося сесці за кулямёт, бо забіла кулямётчыка, і ён падразаў гітлераўцаў, якія беглі за бранявым шчытом. Загарэўся адзін танк, потым гарматны разлік Пятра Шульгі падпаліў другі. З карнікамі змагаліся атрады імя Чапаева, Жукава, Шчорса. Але сілы былі няроўныя, на капыльскіх мсціўцаў наступалі некалькі танкавых рот, 14-ы нямецкі паліцэйскі полк, два ахоўныя батальёны, дывізіёны і спецпадраздзяленні. У баі загінуў Тараховіч-Дунаеў, камандзір атрада імя Чапаева, разарвала снарадам камандзіра дыверсійнай групы Міхаіла Дурасава. Партызаны адышлі ў Вялешынскі лес, дзе знаходзіўся іх другі ўмацаваны лагер. Іван Дзянісавіч рызыкаваў, пераходзячы праз кардоны акупантаў да партызан Случчыны, Капыльшчыны, Любаншчыны, Чырвонаслабодчыны. Распрацоўваў з імі планы баявых аперацый і дапамагаў іх ажыццяўляць. Гэта і Лаўскі бой, і рэйкавая вайна, і разгром гарнізонаў у вёсках Сейлавічы і Кіявічы, а раней у Цімкавічах, і іншыя аперацыі супраць карнікаў. Яго вялікая арганізатарская дзейнасць і палітычная работа сярод насельніцтва поўдня Міншчыны шырыла партызанскі рух і ўзнімала людзей на барацьбу з лютым ворагам.

Радзіма ацаніла подзвіг героя. Ён быў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна і ордэнам Чырвонага Сцяга. Да канца 1943 года Іван Дзянісавіч Варвашэня працуе ў апараце ЦК Камуністычнай партыі Беларусі. А пасля вызвалення радзімы ад акупантаў — сакратаром Мінскага абкама партыі, а з 1950 года абраны першым сакратаром Мінскага гаркама КПБ.

Дзякуючы такім людзям, як наш зямляк, вёскі і гарады Беларусі паўсталі з руін. Пры ім хутка аднаўляліся разбураныя вайною прадпрыемствы сталі- цы. Іван Дзянісавіч выбіраўся членам ЦК КПБ і дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Пражыў ён усяго 53 гады, але зрабіў шмат карыснага для Радзімы. Нездарма яго прозвішча носіць адна з вуліц Мінска, а піянерская дружына Быстрыцкай школы таксама ўшаноўвае імя свайго земляка.