Слівец Галіна Адамаўна,

настаўнік вышэйшай катэгорыі

Любімая праца - гэта адна з найважнейшых умоў чалавечага шчасця. У народзе кажуць: дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Гэтыя словы поўнасцю падыходзяць да настаўніцы беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа №3 г.Любані імя Г.Л.Сячко». Гэта той сапраўдны настаўнік «старой загартоўкі», якіх сёння сярод моладзі бывае вельмі няшмат. Аднойчы ступіўшы на настаўніцкую сцяжынку, яны ўжо ніколі не саступаюць, работу сваю заўжды выконваюць ад душы, перадаюць вучням не толькі ўласны вопыт, але і разуменне свету.

Яе жыццёвая сцяжынка пачыналася між берагоў і балатавін хуткаплыннай Арэсы-рэчкі. А вакол яе раскінуліся двары і хаты невялічкай вёсачкі Прыклінец, якая сапраўды як бы ”ўклінілася” ў землі былога саўгаса «Гарадзячыцы». Там у звычайнай беларускай сям’і халоднай марознай ноччу 1959 г. нарадзілася дзяўчынка Галіна.

І вось яна ўжо вучаніца Вялікагарадзячыцкай васьмігадовай школы. Спачатку звеннявая у класе, а потым важатая у малодшых класах. Паспяхова заканчвае васьмігодку і вучыцца ў Малагарадзячыцкай сярэдняй школе. Старалася быць у гушчыні ўсіх падзей, абрана сакратаром камсамольскай арганізацыі. Добра памятае, што яна, як актыўная і паспяховая вучаніца, камсамольскі білет атрымала з рук былога дырэктара саўгаса «Гарадзячыцы» Шагава А.А. на легендарным востраве Зыслаў.

Год 1976.

Выпускніца Малагарадзячыцкай сярэдняй школы, з палескай глыбінкі, марыць толькі пра школу, уяўляе сябе настаўніцай. Не раз яе сачыненні чыталіся настаўніцай перад усім класам. Таму не было ніякага сумнення: толькі настаўнік роднай мовы. Аднак надзеі стаць студэнткай збыліся не адразу: не паступіла ў першы год пасля школы. Прыйшлося працаваць у саўгасе, а вечарамі чытаць… Колькі было радасных слёз - у руках жаданы канверт: я студэнтка філалагічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М.Горкага. Падчас вучобы на філфаку былі сустрэчы з цікавымі творчымі людзьмі, выкладчыкамі БДУ, паэтамі і пісьменнікамі. Асабліва запомніўся вечар сустрэчы з паэтам Нілам Гілевічам. Праз усё жыццё пранесла радкі яго верша, нібы наказ: "Куды прыйшлі? - У Храм.  -Дзеля чаго?  - Дзеля святой працы."

1981 год.

Здаецца, зусім нядаўна была восень 1981года, калі маладая настаўніца пераступіла парог школьнага класа. «І вось ужо больш за 35 год, - кажа настаўніца, - запальваю ў вачах сваіх вучняў агеньчык дабрыні і спагады, натхняю на творчасць і вучуся сама». Працоўная біяграфія даволі насычаная. Пачынала старэйшай піянерскай важатай, а пасля выкладала беларускую мову і літаратуру ў СШ № 2 г.Любані больш за 25 гадоў. Напачатку шмат пачарпнула ад сваіх старэйшых і вопытных калег. У сценах гэтай школы вучыліся яе сыны, а цяпер прадаўжаюць вучобу і ўнучкі. На працягу ўсяго свайго шляху настаўніца разам з вучнямі адшукваюць тое школьнае «зернейка», якое павінна прарасці, пусціць расткі і закаласіцца. Гэтаму дапамагаюць урокі літаратуры, на якіх настаўнік развівае творчае мысленне вучняў, разуменне гістарычных і літаратурных працэсаў. Трывожыць Галіну Адамаўну, што не ўсе беларусы размаўляюць на роднай мове, але «я, як шчырая беларуска, стараюся, каб дзеткі як мага часцей дакраналіся даяе мілагучнасці, глыбіні». І тут на дапамогу прыходзяць кнігі нашага паэта-земляка Івана Муравейкі, яго пранікнёныя радкі пра малую радзіму, пра людзей працы, пра вайну і шчаслівае дзяцінства. Потым па агеньчыках у вачах хлопчыкаў і дзяўчынак разумееш, што кніга дайшла да сэрца, засталася ў памяці, заіскрылася рознакаляровымі залацінкамі. І як вынік, вучні настаўніцы ўжо самі пішуць вершы, гумарэскі, казкі, прымаюць актыўны ўдзел у творчым раённым конкурсе «Мураўіная сцяжынка», атрымліваюць дыпломы пераможцаў.

За час сваёй педагагічнай працы Галіна Адамаўна была заўсёды і класным кіраўніком. Ганарыцца і тым, што многія выпускнікі пайшлі па яе слядах, сталі калегамі і працуюць разам з ёй. Ёсць аб чым пагаварыць з моладдзю, абмеркаваць падчас сустрэч надзённыя праблемы ды і проста па-чалавечы «пасакрэтнічаць». У гэтым ёсць і часцінка яе працы. Настаўнік значную ўвагу ўдзяляе патрыятычнаму выхаванню вучняў. Пад яе кіраўніцтвам вучні ўдзельнічалі ў абласным конкурсе творчых прац «Радзімы спадчына - мой гонар» (Дыплом 1ступені), на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Выхаванне на аснове традыцый беларускага народа» (Дыплом  3 ступені). А зараз вучні разам з настаўніцай актыўна  ўключыліся ў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 75-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне «Салют, Перамога». Галіна Адамоўна ўваходзіць у раённую творчую групу савета гістарычнага музея воінаў-інтэрнацыяналістаў «Памяць». Разам з вучнямі вядуць пошук звестак пра мінулае землякоў, рыхтуюць экскурсіі, сустракаюцца з жывымі сведкамі тых далёкіх часоў, пішуць пра іх.

За сваю працу Галіна Адамаўна неаднаразова атрымлівала лісты падзякі, граматы раённага ўзроўню. Узнагароджана Ганаровай граматай упраўлення Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Але сваё жыццё яна не ўяўляе без дзяцей, школы, любімай працы і, вядома, без сям’і. Яны, як два берагі роднай Арэсы-рэчкі, даюць штуршкі яе глыбокаму цячэнню.