Апанасевіч Антон Антонавіч,

настаўнік вышэйшай катэгорыі

          Антон Антонавіч Апанасевіч нарадзіўся 25 мая 1957 года ў вёсцы Дзямідкі, што на Вілейшчыне. Нягледзячы на тое, што бацькі мелі толькі пачатковую адукацыю польскай школы (маці працавала даяркай у калгасе, бацька – будаўніком), у сям’і любілі кнігу. Бацька ў вольны час заўсёды трымаў у руках кнігу альбо газету. Менавіта бацька прывіў сыну любоў да чытання і быў яго першым настаўнікам гісторыі.

          Ваўкалацкая васьмігадовая і Даўгінаўская сярэдняя школы

У школе, дзе Антон вучыўся ў 1964 – 1974 гг., вучоба ішла лёгка. Любімымі прадметамі хлопчыка былі гісторыя і літаратура. У той час прыходзілася шмат працаваць фізічна: работа на прышкольным участку, дапамога калгасу.  Калі Антон стаў старшакласнікам, то летам, у час уборкі ўраджаю ў калгасе, працаваў памочнікам камбайнёра. Але фізічная праца не шкодзіла вучобе ў школе.

          Служба ў ВМФ

          Антон Апанасевіч праходзіў службу на Балтыйскім флоце (1975 – 1978), спачатку служыў на эскадраным мінаносцы “Сокрушительный”, а затым на вялікім супрацьлодачным караблі “Кронштадт”. Акрамя выканання службовых абавязкаў, юнак праяўляў актыўнасць ў грамадскай рабоце. Ён быў абраны сакратаром камсамольскай арганізацыі карабля. За поспехі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы, актыўную грамадскую дзейнасць Антон Апанасевіч узнагароджаны Ганаровай граматай ЦК УЛКСМ.

          Вучоба ў інстытуце

          Пасля службы Антон Антонавіч пэўны час працаваў электрыкам на Вілейскай мэблевай фабрыцы. Потым было падрыхтоўчае аддзяленне МДПІ імя А. М. Горкага, а пасля яго заканчэння Антон працягваў вучобу на гістарычным факультэце. У летні  час некалькі разоў прызначаўся камандзірам студэнцкага будаўнічага атрада і аднойчы нават выязджаў на будаўніцтва чыгункі ў Хабараўскі край. За поспехі ў вучобе і актыўны ўдзел у грамадскай рабоце Апанасевіч Антон двойчы быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі ЦК ЛКСМ Беларусі. У 1984 годзе з групай студэнтаў з розных ВНУ СССР ён  праходзіў моўную практыку ў Канскім універсітэце (Францыя), і гэта падзея запомнілася яму на ўсё жыццё. У 1985 годзе Антон Антонавіч паспяхова закончыў інстытут і атрымаў дыплом па спецыяльнасці «Гісторыя і французская мова».  Пачалося яго адданае служэннне гісторыі - педагагічная дзейнасць у Лебедзеўскай сярэдняй школе Маладзечанскага раёна.

Праца ў школе

Антону Антонавічу Апанасевічу вельмі пашанцавала ў жыцці: яго прафесія і любімая справа супалі. 34 гады педагог аддана служыць сваёй Музе – гісторыі, выхаваў не адну сотню вучняў, для якіх стаў любімым настаўнікам. Ён не толькі выкладае гісторыю, але і працуе загадчыкам школьнага гісторыка-краязнаўчага музея «Спадчына», вядзе навукова-даследчую дзейнасць, узначальвае атэстацыйную камісію школы. А яшчэ А.А.Апанасевіч з’яўляецца дэпутатам Лебедзеўскага сельскага Савета, старастам аграгарадка Лебедзева. Антон Антонавіч выдатна спраўляецца з выкананнем шматлікіх грамадскіх абавязкаў.

          Антон Антонавіч вельмі зацікаўлены гісторыяй Лебедзеўшчыны, якую вывучае ўсё сваё жыццё. Ён знаёмы са старажыламі гэтага краю, ведае пра яго ўсе легенды і паданні. А мясцовыя жыхары, калі знойдуць нейкі прадмет гістарычнай важнасці, нясуць яго Антону Антонавічу ў музей. Разам са сваімі вучнямі і выпускнікамі настаўнік займаецца вельмі нялёгкай справай: збірае па крупінках звесткі пра ўсё, што звязана з Лебедзевам. Плён трыццацігадовай працы настаўніка – кніга «Лебедзеўская сага». У ёй аўтар апісвае асноўныя вехі гісторыі вёскі са старажытных часоў да сучаснасці. Прадмову да выдання напісаў Барыс Кіт  –  сусветна вядомы вучоны ў галіне астранаўтыкі, які калісьці працаваў настаўнікам у мясцовай школе.

          Важнае месца ў педагагічнай дзейнасці Антона Антонавіча Апанасевіча займае навукова-даследчая дзейнасць, якая таксама накіравана на вывучэнне і даследаванне невядомых старонак гісторыі Лебедзеўшчыны. Навукова-даследчая дзейнасць педагога захапіла і многіх яго вучняў, а сярод іх вялікая колькасць пераможцаў і прызёраў раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных даследчых канферэнцый. Два гады запар вучні Лебедзеўскай сярэдняй школы ездзілі ў Маскву на Усерасійскія юнацкія Чытанні імя У.І.Вярнадскага. Першы раз сталі пераможцамі ў сваёй намінацыі, а ў другі – атрымалі дыплом І ступені.

          Шмат часу і натхнення Антон Антонавіч аддае гісторыка-краязнаўчаму музею «Спадчына», які ўяўляе сабой беларускую хату з печчу, газнічкай, калаўротам і іншымі прадметамі сялянскага быту. Вучні з задавальненнем бываюць там на ўроках гісторыі, літаратуры і пазакласных мерапрыемствах. Многія з іх і самі могуць шмат  расказаць пра музейныя экспанаты, бо выконваюць абавязкі экскурсаводаў школьнага музея, якому патрабуецца пятнаццаць экскурсаводаў. Школьны музей часта наведваюць госці з іншых устаноў адукацыі раёна, вобласці, а таксама з замежжа, яны заўжды  пакідаюць добрыя водгукі.

          Антон Антонавіч Апанасевіч мае шмат дыпломаў і грамат за сваю плённую прафесійную дейнасць. Але для яго галоўная ўзнагарода – гэта адчуванне таго, што яго праца патрэбна людзям.