ДУА “Гарадоцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – базавая школа Маладзечанскага раёна

Дзяржаўная установа адукацыі “Гарадоцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – базавая школа Маладзечанскага раёна”

  1. Народнае вучылішча

Аб адкрыцці народнага вучылішча ў Гарадку менавіта ў 1862 годзе гаворыць наступны дакумент: “Городокское народное училище в м. Го­родокъ Городокской волости; основано въ 1862 г. Помещается в обще­ственном доме. На содержаніе училища отпускается 200 р. въ годъ изъ государственного казначейства” [1].

Першапачаткова ў Гарадку было адчынена аднакласнае вучылішча [2, с. 6]. Клас разбіваўся на тры аддзяленні па ступені ведаў вучняў. Навучалі дзяцей пяці прадметам: закону Божаму (кароткі Катэхізіс і свяшчэнная гісторыя), рускаму і славянскаму чытанню, пісьму, арыфметыцы і спевам. Навучанне вялося на рускай мове [3]. У вучылішча прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў, розных веравызнанняў.

  1. Школа для дзяцей беднаты

Звестак пра школу, арганізаваную Камілай Марцінкевіч у 1863 годзе для дзяцей беднаты, дайшло вельмі мала. Вядома, што для школы яна выбрала дом адстаўнога салдата. Ёсць меркаванне, што Каміла апынулася ў Гарадку не па сваёй волі, а знаходзілася тут на пасяленні пад наглядам мясцовых уладаў за сваю рэвалюцыйную дзейнасць. Каміла Вікенцьеўна і ў Гарадку засталася вернай сабе: яна не абмежавалася проста агітацыйнай дзейнасцю сярод мясцовага насель-ніцтва, а спрабавала купіць зброю для паўстанцаў у салдат. Гэта стала вядома фельд-фебелю. З Мінска ў Гарадок неадкладна прыбыў следчы прыстаў мінскай гарадской паліцыі. З арыштам Камілы школа перастала працаваць.

  1. “Народная” школа

У 1919 годзе ў Гарадку стала існаваць школа “народная”: тры класы былі абавязковыя, а затым два класы – па жаданні. У будынку, які калісьці належаў уцёкшаму пану, быў арганізаваны прытулак для дзяцей-сірот, дзе кармілі, адзявалі і вучылі – усё бясплатна. Загадвала прытулкам Зінаіда Асіповіч [5, с.77].

  1. Прыватная беларуская гімназія

У пачатку лістапада 1920 г. у мястэчку Гарадок (цэнтр воласці) Вілейскага павета была адкрыта прыватная беларуская гімназія. Дазвол на адкрыццё гімназіі ў Гарадку атрымаў прадстаўнік знакамітага шляхецкага роду настаўнік Канстанцін Іеранімавіч Тышкевіч [6, с.34] (магчыма Цішкевіч) [7, с.4]. Першапачаткова існавалі толькі чатыры асноўныя і адзін падрыхтоўчы класы. Аднак польскія ўлады не далі магчымасці зрабіць гімназіі нават першы выпуск. [7, с.4].

  1. Яўрэйскія навучальныя ўстановы

На мяжы ХІХ-ХХ стст. і ў час знаходжання Гарадка ў складзе Заходняй Беларусі вядома аб існаванні дзвюх яўрэйскіх школ: хедэра і школы “Тарбут”.

Навучанне вялося на стараяўрэйскай мове іўрыт. Школа мела рэлігійна-нацыянальны характар. У школе вывучалася польская мова і гісторыя Польшчы. Пасля заканчэння гэтай школы (4 гады) вучні ішлі ў пяты клас польскай агульнаасветнай сямігадовай школы. Дзеці бедных яўрэяў прыходзілі адразу ў першы клас польскай сямігадовай паўшэхнай школы, бо тут навучанне было бясплатным.

  1. Польская сямігадовая школа

Навучанне вялося на польскай мове. Толькі Закон Божы выкладаўся на рускай мове.

  1. Школа ў савецкі перыяд

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны школа працавала, але нерэгулярна.

Пасля вызвалення Гарадка школа працавала ў адрамантаваных будынках былой яўрэйскай сінагогі ажно да 7 лістапада 1969 года.

У 1978 годзе за вялікую работу па арганізацыі натуралістычнай і даследнай работы ўстанова была ўдастоена дыплома І ступені Міністэрства асветы БССР. Плённа працавала і школьнае лясніцтва, члены якога былі ўдастоены права ўдзельнічаць у выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.

У 2000 годзе Гарадоцкая школа рэарганізавана ў Гарадоцкую сярэднюю школу-сад, у 2005 годзе школа перайменавана ва ўстанову адукацыі “Гарадоцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – агульнаадукацыйная школа”, а ў 2014 годзе ў ДУА “Гарадоцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – базавая школа Маладзечанскага раёна”.

Шмат знакамітых людзей атрымалі тут адукацыю: А.А.Хадоркін (урач-псіхатэрапеўт, г. Мінск), К.І.Рудзік (доктар гістарычных навук,), Янка Галубовіч (Янка Баравы) (празаік, публіцыст), В.А.Доўнар (журналіст рэдакцыі РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”) і іншыя.

Навучэнцы пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў прымаюць ак-тыўны ўдзел у конкурсах, канферэнцыях, акцыях рознага ўзроўню. Яны з любоўю адносяцца да сваёй установы адукацыі. Як доказ гэтаму –дыплом ІІ ступені на XXII конкурсе работ даследчага характару на-вучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці, атрыманы за работу “Век жыві – век вучыся! (гісторыя развіцця адукацыі ў мястэчку Гарадок: 1862 – 1939 гг.)”.