Пестун Барыс Сцяпанавіч
Светлая памяць пра Барыса Сцяпанавіча цудоўнага чалавека, разумнага настаўніка і дырэктара школы, заўзятага мастака, аўтара шматлікіх пейзажаў жыве ў сэрцах сваіх вучняў і аднавяскоўцаў. Бадай, не знойдзеш на Мядзельшчыне такога чалавека, хто б яго не ведаў, не паважаў ці хаця б не чуў пра Барыса Сцяпанавіча Пястуна. Усё жыццё гэтага сціплага i надзвычай цікавага чалавека звязана з роднай Мядзельшчынай. Нарадзіўся ён 18 сакавіка 1926 г. у вёсцы Наўры, тут пайшоў у школу. А заканчваў яе ўжо ў Сватках. Адсюль у 1944 г. паехаў у Пастаўскае педагагічнае вучылішча i вярнуўся выкладчыкам фізікі і матэматыкі, каб ўжо больш ніколі не раставацца са сваёй школай. Потым i Маладзечанскі настаўніцкі, і Мінскі педагагічны інстытуты, i Маскоўскі народны ўніверсітэт мастацтваў заканчваў завочна.
Выкладаючы матэматыку, Барыс Сцяпанавіч не абмяжоўваўся тым, што «ўзбройваў» выхаванцаў грунтоўнымі ведамі па сваім прадмеце, заўсёды імкнуўся пашырыць ix кругагляд, нястомна сеяў разумнае, добрае, вечнае. Пасля заняткаў вёў rypткі выяўленчага мастацтва, даваў вучням урокі хараства, грамадзянскасці і адказнасці перад жыццём, цікавасці да ўсіх яго праяў і граней.
Унікальныя матэрыялы літаратурнага фотаархіва настаўніцкай сям’і маюць значную каштоўнасць для даследчыкаў. Невыпадкова яны папоўнілі фонды Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры i мастацтва ў Мінску. Ёсць яшчэ адзін скарб у настаўніцкім доме — жывапісныя палотны Барыса Сцяпанавіча Пестуна. Да ўcix сваіх талентаў ён яшчэ i здольны мастак-пейзажыст, аўтар палотнаў, прысвечаных красе роднага краю, мілай сарцу Мядзельшчыне. На гэтых карцінах — ваколіцы Сватак ва ўсе поры года, паэтычныя нарачанскія краявіды.
Работы самадзейнага мастака не пакідалі нікога раўнадушным. Яны экспанаваліся на раённых і сталічных выстаўках, штогадовым рэспубліканскім фестывалі “Пеўчае поле” па-над Нараччу. А вялікая выстаўка з літаратурнай i мастацкай скарбонкі сям'і Пестуноў у галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці была прыкметнай культурнай з’явай, сведчаннем духоўнага багацця, назапашанага дзесяцігоддзямі нястомнай творчай працы і шчодра аддадзенага людзям.