Пестун Вольга Іванаўна

Закончыла Маладзечанскі настаўніцкі і Мінскі педагагічны інстытуты. Старанная праца настаўніка роднай мовы і літаратуры адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі: Ордэн “Знак Пашаны”, нагрудны знак “Выдатнік народнай асветы БССР”, Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі.

28 гадоў кіравала хорам калгаса «Зара» і вакальным жаночым ансамблем “Вясёлка”.  Аднойчы, на мастацкім савеце Mінскага абласнога  Дома народнай творчасці  ўсхвалявана сказала, што песня — гэта любоў, жыццё яе. Народныя артысты  БССР i СССР P.P. Шырма, Г.І.Цітовіч, Ю.У. Семяняка, заслужаны - дзеяч мастацтваў Беларусі М.Ф. Маслаў  гаварылі пра яе, як пра чалавека ад прыроды музычна  таленавітага, які глыбока разумее і любіць народную творчасць. Сама ж Вольга Іванаўна прызнавалася, што з дзяцінства запала ёй у душу сапраўдная народная песня, якую яна чула ад маці. I гэту песню, родную, беларускую, яна прапагандуе сярод людзей.

У першыя гады працы настаўніцай Вольга Іванаўна часта бывала на розных сямейных урачыстасцях, калгасных святах, вечарынах, падоўгу зачаравана ўслухоўвалася ў народныя песні, якія выконвалі вяскоўцы. Напеўнасць, шчырасць і прастата песень глыбока краналі сэрца, наводзілі на думку стварыць калектыў спевакоў-аднадумцаў. I яна пачала ажыццяўляць задуманае. У хоры спявалі  людзі  розных узростаў i прафесій: паляводы, механізатары, жывёлаводы, даяркі, настаўнікі мясцовай школы, вучні старэйшых класаў, пенсіянеры i інш. Першы творчы экзамен сваткаўскага хору адбыўся ў 1956 г. у калгасным клубе i прайшоў з вялікім поспехам. Удзячныя гледачы гарачымі апладысментамі нібыта блаславілі спевакоў на далейшыя выступленні. 3 цягам часу Вольга Іванаўна самастойна авалодала прафесіяй хормайстра. У пошуках новых цікавых мелодый яна ішла да старэйшых жыхароў вёскі, распытвала  ix, гадзінамі  слухала, запамінала, а потым запісвала  гэтыя ме­лодыі. Шэраг песень амаль без змен развучвала з хорам, іншыя ўпрыгожвала падгалоскамі, да некаторых складала новыя словы. Узбагачаўся рэпертуар, аснову якога складалі народныя пecнi. Яны вызначаліся своеасаблівым гучаннем i самабытнасцю, тым песенным каларытам, што характэрны толькі для Сватак i навакольных вёсак. Гэта сапраўды народныя песні, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне, гучалі ў спякотныя дні над жытнёвымі нівамі, над прырэчнымі лугамі, ля вогнішчаў на беразе Вузлянкі ў Купальскую ноч, на вяселлях, заручынах, радзінах, іншых сямейных урачыстасцях.

Самабытны характар сваткаўскага хору, яго высокае выканаўчае майстэрства адзначалі P.P. Шырма, Г.Л. Цітовіч, а таксама народ­ны артыст БССР i СССР, мастацкі кіраўнік Акадэмічнага хору Беларускага радыё i тэлебачання В.У. Роўда, які неаднаразова сустракаўся з удзельнікамі харавога  калектыву калгаса «Зара». Шмат пісалася пра сваткаўскі хор у рэспубліканскім i раённым друку.

Хор Сватак за 28 гадоў даў сотні канцэртаў перад працоўнымі Мядзельскага раёна, гарадоў Міншчыны, удзельнічаў у шматлікіх рэспубліканскіх i раённых фестывалях, конкурсах-аглядах, святах. Калектыў хору i яго кіраўнік не раз узнагароджваліся ганаровымі граматамі i дыплoмaмi. Але якія б узнагароды сваткаўскія артысты нi атрымлівалі, для ix вышэйшай  адзнакай заставалася прызнанне слухачоў.

Сустрэчы з Вольгай Іванаўнай чалавекам надзвычай цікавым і непаўторным, прыгожым і абаяльным, мудрым і вопытным, інтэлігентным і таленавітым, вытанчаным і простым, заўсёды былі жаданыя і цікавыя, яркія і запамінальныя, эмацыянальныя і шчымлівыя… Сустрэчы – радасць, сустрэчы – свята, сустрэчы – урокі, сустрэчы – успаміны…

 

З успамінаў Вольгі Іванаўны:

“У далёкім жніўні 1950 года 20 – гадовай настаўніцай ўпершыню ступіла на Сваткаўскую зямлю, якую лёс наканаваў для мяне стаць другой радзімай. Дзяцей было многа пасля вайны. Школа за ракой не магла змясціць у сабе ўсіх вучняў. Класы мнагалюдныя: 2 пятыя, 2 шостыя, сёмы, чатыры пачатковыя. Заняткі ў 8 класе пачаліся далёка не з 1 – га верасня, а дзесь пад новы год. Васьмікласнікі вучыліся ў Княгініне, Мядзелі, Крывічах, Слабадзе – дзе каму было зручней. І толькі ў канцы 2 чвэрці вярнулася ў сваю школу 11 чалавек. Займаліся ў дзве змены. А РАНа наймаў прыватныя дамы для класных пакояў у вёсцы: у Пестуна Сцяпана Марцінавіча, Пестуна Серафіма Марцінавіча, Хацяновіча Андрэя, Хацяновіча Спірыдона, Калбуна Якуба. Настаўнікі займаліся “кросам”, бегаючы з аднаго будынка ў другі ці блізкі свет, ледзь паспяваючы за перапынак. І старэйшыя педагогі былі задаволены і гэтым , бо толькі  пару год таму школа  поўнасцю пераехала ў Сваткі з Замашша.

-- Што гэта былі за гады! І  хоць ніхто з настаўнікаў на той час не мелі  закончаную вышэйшую  адукацыю, і не мелі магчымасці ў тыя гады  карыстацца  дапаможнай літаратурай і тэхнічнымі сродкамі, працавалі ад усёй душы, шчыра, добрасумленна, з энтузіязмам. А вучні цягнуліся да навукі , як парасткі да веснавога сонца. І ні цяжкія тагачасныя  хатнія ўмовы (беспрасветная беднасць), ні далёкая адлегласць ад школы (хадзілі пехам за многа кіламетраў у любую пару года), ні адсутнасць вучэбнай нагляднасці (сшыткаў – пісалі на газетах, алоўкаў – рабілі чарніла з сажы, ягад крушыны) – нішто не з’яўлялася перашкодай для іх стараннай, упартай работы.

У пачатку 50-х працаваць настаўнікам было складана: радыёфікаацыі на вёсках не было, кінаперасоўка прыязджала 1-2 разы ў месяц, у бібліятэках кніг – кот наплакаў. Аб тэхнічных сродках і не чулі. І толькі адзін настаўнік быў цэнтрам увагі. А класны кіраўнік мусіў быць не толькі арганізатарам і інфарматарам, але і дырыжорам, і рэжысёрам, і балетмайстрам, і мастацтвазнаўцам,  і Бог ведае яшчэ кім. А з другога боку – дзеці былі больш усім зацікаўленыя, актыўныя, адказныя ў любых мерапрыемствах. Толькі падай ідэю. Саграваюць ўспаміны пра школьны драматычны гурток. Да драбніц памятаю першы дэбют з Купалаўскай “Паўлінкай”, тую ўпартую працу, рэпетыцыі, што нараджалі ў душы сапраўднае свята.

А памяць зноў закранае балючае – прымусовую арганізацыю калектыўнай гаспадаркі. Для селяніна гэта быў шок: аддай бясплатна зямлю, каня, інвентар, будынкі – няма за што рук зачапіць. Ручная праца, не вельмі ўраджайная глеба(пяскі, падзол), мізэрны ўраджай, львіная доля якога належала дзяржаве, з калгаснікамі разлічваліся “працаднямі”, на якія атрымлівалі ў канцы года па некалькі грамаў зярна, г. зн. за ўвесь год працаўнік мог зарабіць ад сілы мяшок збожжа. Чым было карміць сям’ю? Беднасць ва ўсім. Вельмі ўразіла, як на той час былі абуты большасць дарослых і  дзяцей – у гумовыя кляпанікі, а ногі абматаныя анучамі. Такое бачыла ўпершыню. На Глыбоччыне нават пасля вайны жылі намнога багацей. І калгасы арганізавалі толькі ў 1951-1952 г.г., а тут, на Мядзельшчыне, калгасны  прыгон -з вясны 1948 г. Людзі, як маглі, уладкоўваліся на работу па-за калгасам, некаторыя сем’і пакідалі бацькаўшчыну і ўцякалі ў Карэлію, Латвію, Паволжа…

Новы від падаткаў…Бяздзетныя, г. зн., жанаты ты ці халасты - не маеш траіх дзяцей-- плаці…

А яшчэ дзяржаўны заём…“Дабравольны”.Але яго падпісвалі прымусова. І настаўнікаў прыцягвалі дапамагаць раённым упаўнаважаным:

Бывала, сядзім 4 - 5 чалавек у сялянскай хаце, цэлую ноч! Не спім самі і не даём спаць гаспадару, угаворваючы, прымушаючы, пагражаючы падпісаць тую суму, якую назначыў с/савет. Чым і як ён выплачваў заём за цэлы год (на наступны год будзе новы!), уявіць цяжка…Дэфіцыт у магазінах тавару: хлеб (і то не заўсёды - хто выпякаў свой, а хто хадзіў-ездзіў у Мядзел, Вілейку), соль, газа, кансервы, цукеркі-падушачкі…

І людзі неяк выжывалі. Адбудоўваліся, дапамагалі адзін аднаму. Жаніліся. Выходзілі замуж…Вечарамі спявалі, танцавалі…

Маё любімае дзецішча—знакаміты, самабытны калгасны хор. Ён стварыўся па ініцыятыве тагачаснага старшыні Жоглы Аляксандра Ігнацьевіча, любіцеля мастацкай самадзейнасці. Кіравала ім на працягу 28 гадоў! Гэта частка жыцця. Жыцця, аддадзенага песні…

У тыя нялёгкія пасляваенныя гады маладая настаўніца, маці траіх дзяцей, паспявала ўсюды і ў школе,і па гаспадарцы, і ў сям’і…Вытрымала і шматлікія школьныя праверкі, і бытавыя сямейныя клопаты, і праблемы з рэпетыцыямі, бо сабраць спевакоў было не проста: людзі сямейныя, стомленыя калгаснай працай, затрымлівала ўласная гаспадарка. І ўсё ж бегала да кожнага ў хату, угаварвала, упрашвала, умальвала. Адкуль толькі сілы браліся - сама сабе дзіўлюся.І не зламалася, выстаяла, бо сэрцам любіла песню, родную, беларускую. І вяскоўцы гэта адчувалі. Слухаліся і паважалі сталыя ўжо дзядзькі і цёткі маладзенькую  тады настаўніцу, да якіх заўсёды звярталася па імені і па бацьку”.