Пестун Святлана Барысаўна
Мініяцюрнай цестапластыкай займаецца Святлана Барысаўна. Працуючы ў свой час у школе-гімназіі № 54 г.Мінска настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Святлана Барысаўна стварыла першы ў рэспубліцы школьны музей Ф.Скарыны. Латушка Павел – былы Міністр культуры Рэспублікі Беларусь, Гурын Аляксандр - доктар біялагічных навук, выкладчык Оксфардскага універсітэта – вучні Святланы Барысаўны.
З успамінаў Святланы Барысаўны:
“Самы памятны час у маёй прафесійнай дзейнасці –гэта канец 1989 – пачатак 1990 года. Працавала я тады настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў 54-й школе-гімназіі г.Мінска.
У час пошуку метадаў і сродкаў актывізацыі навучальна-выхаваўчай дзейнасці ў мяне нарадзілася ідэя стварыць першы ў Беларусі школьны музей Францыска Скарыны. Кабінет беларускай мовы і літаратуры пры дапамозе старшакласнікаў і бацькоў вырашыла аформіць пад тыпаграфію часоў сярэдневякоўя.
Да нас дайшло вельмі мала арыгінальных дакументаў, у якіх раскрываўся б жыццёвы шлях і погляды Ф.Скарыны. Таму і мне было крыху страшнавата брацца за работу па стварэнню свайго музея. Дзе браць матэрыялы, якія, як іх размясціць? Карысталася я дапамогай не толькі вучняў і бацькоў, але і прафесійных мастакоў, скарынаведаў з Акадэміі Навук, супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага музея.
У музеі за пэўны час была сабрана змястоўная бібліятэка пра ўсходнеславянскага першадрукара (больш за 30 кніг, каля 100 артыкулаў), творы выяўленчага мастацтва, календары, прадметы са скарынаўскай сімволікай, фотаздымкі праектаў помніка Ф.Скарыну, новае выданне “Бібліі” Ф.Скарыны.
З’явіліся ў музеі і падарункі вядомых людзей-скарынаведаў: кнігі з аўтографамі А.Клышкі, А.Мальдзіса, А.Петрашкевіча, экслібрысы з аўтографамі мастака Кашкурэвіча, юбілейны медаль з калекцыі А.Белага (калекцыю ен збіраў на працягу 20 гадоў), рукапісны ўрывак з кнігі Б.Сачанкі “Па слядах Скарыны” з аўтографам аўтара і іншыя матэрыялы.
Быў створаны савет музея і падрыхтаваны экскурсаводы з вучняў тых класаў, у якіх я выкладала беларускую мову і літаратуру. Экскурсіі праводзіліся на працягу гадзіны для шматлікіх наведвальнікаў: вучняў розных школ г.Мінска, настаўнікаў беларускай мовы, што займаліся ў Мінскім гарадскім інстытуце ўдасканалення настаўнікаў, ганаровых гасцей – Б.Сачанкі, А.Белага, В.Чамярыцкага, В.Вольскага, А.Вярцінскага, А.Лойкі.
Адкрыццё музея адбылося ў кастрычніку 1989 г. Мной быў падрыхтаваны ўрачысты вечар, у правядзенні якога прыняла ўдзел вялікая колькасць вучняў.
27 лютага 1990 г. на базе нашай школы Мінскі гарадскі савет педагагічнага таварыства БССР, Мінскі гарадскі інстытут удасканалення настаўнікаў, Мінская гарадская рада таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны правялі навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную 500- годдзю з дня нараджэння Ф.Скарыны. На гэтай канферэнцыі я выступала з дакладам па тэме “Школьны музей Ф.Скарыны – цэнтр ідэйна-маральнага выхавання вучняў”. Пасля канферэнцыі ўсе ўдзельнікі былі запрошаны на агляд экспазіцыі школьнага музея.
Аб рабоце нашага музея паведамляла радыё і многія газеты: “Знамя юности”, “Настаўніцкая газета”, “Наша слова”, “Сельская газета”, “Вечерний Минск”, “Советская Белоруссия”, “Піянер Беларусі” і іншыя.”
Землякі — i не толькі землякі — згадваюць, як у час працы Барыса Сцяпанавіча i яго жонкі Вольгі Іванаўны намаганнямі дружнага педагагічнага калектыву звычайная сельская школа стала сапраўдным асветным цэнтрам для дзяцей i ix бацькоў, асяродкам ведаў i культуры, выхавальнікам павагі да роднай зямлі, роднага слова, нашай духоўнай спадчыны i сучаснага мастацтва. Частымі гасцямі школы і сям’і Пястуноў былі паэты, пісьменнікі І.Шамякін, М.Танк, Р.Барадулін, У.Караткевіч, Б.Сачанка, В.Быкаў, А.Вярцінскі, Г.Бураўкін і інш. “Да сустрэчы з пісьменікамі рыхтавалася ўся школа: чыталі творы, набывалі кнігі для аўтографаў, вучылі на памяць іх вершы, рыхтавалі водгукі, складалі прывітальныя словы. Упрыгожвалі сцэну і залу…А колькі было гонару і радасці старшакласніцам, калі дарагія госці запрашалі іх на танец! Потым па беларускай традыцыі, наладжвалі застолле. Колькі дасціпнага гумару, жартаў гучала там! Госці шчыра дзякавалі за шчыры прыём, багаты пачастунак, народныя беларускія песні, танцы пад гармонік. А якія цёплыя водгукі яны пісалі пра нашу школу, вучняў… Усе лісты (арыгіналы) я перадала ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і часткова ў Мядзельскі музей народнай славы.” (з успамінаў Вольгі Іванаўны).
Хата Барыса Сцяпанавіча і Вольгі Іванаўны не асірацела і сёння. Калі разам збіраюцца дзеці, як і раней, абавязкова гучыць беларуская мова і льецца ручайком беларуская народная песня. Ну, і безумоўна, няма канца размовам пра школу, урокі, планы. А іх у маладога пакалення Пястуноў шмат…