Ралькевіч Ала Васільеўна,

выдатнік адукацыі

Кажуць, усяму добраму ў нашым жыцці мы абавязаны бацькам. І гэта, мабыць, так. Вельмі цёпла адзываецца Ала Васільеўна аб сваіх бацьках – маме, Таццяне Палікарпаўне, настаўніцы пачатковых класаў, і бацьку, Васілю Маркавічу Лапко, настаўніку гісторыі і нямецкай мовы. Прыклад яе бацькоў, атмасфера, панаваўшая ў сям’і, дух настаўніцтва – усё гэта акрэсліла яе выбар. “Я помню, - гаворыць А.В. Ралькевіч, - першыя словы пісала крэйдай на школьнай дошцы па вечарах, пакуль бацькі былі на педагагічнай нарадзе, рэпетыцыі. Тады і навучылася чытаць у пяць гадоў, а любімай гульнёй стала “у школу…”

          Ала Васільеўна Ралькевіч (Лапко) нарадзілася 24 чэрвеня 1950 года ў весцы Слабада Пухавіцкага раёна, дзе ў той час настаўнічалі бацькі. У скорым часе маладая сям’я пераехала працаваць у Турынскую школу. Там Ала і пайшла ў першы клас. Пасля пераезду сям’і ў Пухавічы вучылася ў Пухавіцкай СШ, якую скончыла ў 1967 годзе з залатым медалём.

У 1972 годзе Ала Васільеўна скончыла факультэт англійскай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічага інтстытута замежных моў. Дзяржаўны экзамен па англійскай мове і педагагічная практыка былі залічаны на “выдатна”.

Прафесійная дзейнасць

          Педагагічную дзейнасць пачала ў роднай Пухавіцкай школе настаўнікам англійскай мовы, потым арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы. У 34 гады стала дырэктарам школы, у 36 ‑ Выдатнікам адукацыі. Займалася рамонтам, рэканструкцыяй, афармленнем рэкрэацый і тэрыторыі. Арганізавала выкладанне танцаў, адкрыла гісторыка-краязнаўчы музей. Цесныя сувязі ўстанавіліся з Рэспубліканскім інстытутам удасканалення настаўнікаў, з абласным інстытутам, школамі раёна і вобласці. У школу наведваліся вучоныя, настаўнікі рускай мовы з Прыбалтыкі, Сярэдняй Азіі, другіх рэгіёнаў былога Савецкага Саюза. Гэта спрыяла прафесійнаму росту настаўнікаў. Праз тры гады школа заняла першае месца сярод школ раёна і стала інавацыйнай пляцоўкай абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў.

 

Праца ў гімназіі

У 1993 годзе Ала Васільеўна ўзначаліла калектыў новай школы ў г. Мар’іна Горка, якая была пабудавана на тэрыторыі ваеннага гарадка, у 1997 годзе ўстанова стала школай-гімназіяй, а ў 2002 годзе - Мар’інагорскай гімназіяй.

          З першых дзён дырэктар імкнулася зрабіць школу лепшай, больш змястоўнай, заражала сваёй энергіяй калектыў. “Галоўнае, - гаворыць А.В. Ралькевіч,- каб вучань адчуваў сябе ў школе камфортна, меў усе магчымасці праявіць свае здольнасці, тады ён не пойдзе на вуліцу, каб самарэалізавацца там. У гэтым мэта і сэнс нашай працы.”

          На доўгія гады гімназія стала эксперыментальнай і інавацыйнай пляцоўкай па ўкараненню тэхналогіі Дальтан, модульнай, праектнай, мультыпрофільнай, монамерных дыдактычных інструментаў. Гэта была адзіная ўстанова ў раёне, дзе з першага класа вучні сталі вывучаць тры замежныя мовы (англійскую, нямецкую, французскую), а ў сярэднім звяне мелі магчымасць выбраць профільнае навучанне.

          У 2005 годзе гімназія мела рознапланавую дыферэнцыяцыю, даючы магчымасць вучням праявіць сябе і атрымаць веды ваенна-патрыятычнага, юрыдычнага, эстэтычнага, экалагічнага і другіх напрамкащ. Было наладжана супрацоўніцтва з брыгадай спецназа Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў, Ваеннай Акадэміяй, БНТУ, МДПУ і другімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Гэта спрыяла найлепшай падрыхтоўцы дзяцей да паступлення ў самыя прэстыжныя ўстановы краіны. Як педагог, Ала Васільеўна падрыхтавала больш 30 спецыялістаў англійскай мовы, многія з якіх паспяхова працуюць у школах раёна і ў самой гімназіі.

          У 2006 годзе ў гімназіі адкрыта фота-этнаграфічная выстава “У пошуках страчанага” на аснове калекцый паштовак Уладзіміра Ліхадзедава. У 2012 годзе падрыхтаваны летапіс - экспазіцыя гісторыі гімназіі ў форме гісторыка-краязнаўчага музея. У 2014 годзе адкрыты абласны музей “Эвалюцыя энергазберажэння”. З 2003 года школьны тэатр “Вясёлы балаганчык” насіў званне ўзорнага тэатра і кожны год станавіўся лаўрэатам абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Штогод гімназісты паступалі ў школу алімпійскага рэзерву.

У гімназіі сустракалі дэлегацыі школ Еўропы (Даніі, Францыі, Германіі, Польшчы, Украіны), самі наведвалі школы Англіі, Францыі, Польшчы, Германіі і іншыя.

Знайсці да кожнага падыход, зацікавіць, даваць веды так, каб вучань сам захацеў вучыцца, выхаваць унутраную і знешнюю культуру, кожным сваім крокам і ўчынкам несці культуру свету і свайго народу, - у гэтым яна бачыць сваё прызначэнне як педагога і як кіраўніка.

Дасягненні. Узнагароды.

          Усё жыццё Ала Васільеўна вучыцца і вучыць другіх, захапляючыся ўсім новым, сучасным. Жаданне вучыцца пастаянна прымусіла Алу Васільеўну займацца навуковай працай. Сёння яна аўтар больш 25 навуковых работ па праблемах развіцця сучаснай школы.

          З 2000 года А.В. Ралькевіч - член Савета Республікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь другога і трэцяга скліканняў, член камісіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях знешняй палітыкі, член нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, член праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, член праўлення “Беларускі фонд міру”, член рэдкалегіі часопіса “Народная асвета”.

           Узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, Ганаровай граматай Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, знакам “Выдатнік адукацыі БССР”. Узнагароджана медалём Саюзнай Дзяржавы “За супрацоўніцтва”, медалём “Ганаровы міратворац”, юбілейнымі медалямі “300 гадоў Міхаілу Васільевічу Ламаносаву”, “70 гадоў Вялікай Перамогі” і іншымі.

Яе імя ўключана ў біяграфію даведніка “Хто ёсць хто” (2002 год), зборнік “З любоўю да дзяцей” (2007 год), зборнік “Мы‑разам” (2006 год), “Сцежкамі Ігуменшчыны” (2008 год).

У 2004 годзе імя А.В.Ралькевіч занесена на Дошку гонару “Народная асветы”. Ала Васільеўна любіць літаратуру, вандроўкі, музыку, театр, захапляецца агародніцтвам і кведкаводствам. Піша вершы, прысвечаныя сваім калегам, Радзіме, прыродзе. Публікуецца ў газетах, часопісах. Падрыхтаваны  2 зборнікі яе твораў у электронным варыянце. Усім калегам Ала Васільеўна жадае:

 

Калегам

Жадаю шчыра Вам, калегі,

Натхнення светлага, як дзень,

Любові вечнай, як праменні,

Што сонца дорыць нам штодзень.

Жадаю новай творчай працы,

А інавацыі – прастор.

А кульмінацыяй прадбачу

Младых калег у школьны хор.

Няхай жа здзейсняцца ўсе планы,

Няхай кіпіць, не спіць жыццё.

Удачы Вам! Нам Богам даны

Магчымасці тварыць дабро.

І сеяць вечнае адвечна,

Ды мудрасць не губляць – капіць.

І памятаць, што нашы дзеці-

Галоўны сімвал у жыцці.