Верамей Ганна Іванаўна
нарадзілася 4 жніўня 1936 года ў вёсцы Старыца Копыльскага раёна. Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага ў 1959 годзе. Працавала выхавацелем у Нагорнаўскай школе-інтэрнаце Клецкага раёна.
Педагагічную дзейнасць у Языльскай сярэдняй школе пачала ў 1963 годзе. У 1967 годзе была назначана намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце і працавала на гэтай пасадзе да выхаду на пенсію (1991 г.)
Вялікую ўвагу Ганна Іванаўна надавала метадычнай рабоце з настаўнікамі. Школьны метадычны кабінет, які яна стварыла, лічыцца адным з лепшых у раёне.
Штогод пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце з мэтай павышэння метадычнага ўзроўню настаўнікаў праводзіліся педагагічныя чытанні, праблемныя семінары, канферэнцыі, завочныя знаёмствы з вопытам настаўнікаў-наватараў.
Ганна Іванаўна ўдзельнічала ў грамадскіх мерапрыемствах. Яе выступленні ў клубах, на бацькоўскіх сходах заўсёды адрозніваліся аб’ектыўнасцю, даступнасцю, насілі пазнавальны і выхаваўчы характар. Доўгі час Верамей Г.І. з’яўлялася кіраўніком школьных палітзаняткаў, дзе ўзнімаліся пытанні ідэялогіі, адукацыі, этыкі.
Верамей Ганна Іванаўна была дэпутатам Языльскага сельскага Савета і ўзначальвала камісію па адукацыі, фізічнай культуры і здароўю.
Дзякуючы намаганням Ганны Іванаўны быў створаны школьны музей. Яна вяла вялікую пашуковую дзейнасць. Шматлікія каштоўныя архіўныя матэрыялы, якія захоўваюцца ў музеі, былі знойдзены і дастаўлены дзякуючы ініцыятыве завуча. Доўгія гады Верамей Г.І. вяла перапіску і арганізоўвала сустрэчы школьнікаў з прафесарам Шпіленем Сямёнам Яфімавічам, з Героем Савецкага Саюза Палаўчэнем Гаўрылам Антонавічам, кандыдатам гістарычных навук Дамарадам Канстанцінам Іллічом.
Вопытам работы завучам у школе Ганна Іванаўна часта дзялілася з чытачамі раённай газеты. Яе артыкулы друкаваліся ў “Настаўніцкай газеце”, “Мінскай праўдзе”, а вершы свайго сачынення – у калектыўным зборніку паэзіі “Родныя далі”.
Верамей Г.І. – настаўнік гісторыі, беларускай мовы і літаратуры. Яна добра ведала і даступна даносіла свае прадметы вучням. Ганн Іванаўне нярэдка даручалі выступленні са словамі пажаданняў маладым педагогам на раённых педагагічных канферэнцыях.
За творчую і добрасумленную працу на ніве народнай адукацыі намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Языльскай сярэдняй школы Верамей Ганна Іванаўна была ўзнагароджана “Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі БССР”, юбілейным медалём “За доблесную працу”, ордэнам “Знак Пашаны”, “Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі СССР”.
У 2006 годзе прозвішча Ганны Іванаўны занесена ў Кнігу Народнай славы раёна.