Ліноўскі Станіслаў Іосіфавіч,

ветэран Вялікай Айчыннай вайны, выдатнік народнай асветы, Заслужаны настаўнік БССР.

 

Старонкі біяграфіі

Нарадзіўся С. І. Ліноўскі 01.04.1924 г. на хутары Асінаўка Глускага раёна Магілеўскай вобласці.

Ён быў адзіным сынам у сям'і. Маці, Юзэфа Францаўна, навучыла чытаць і пісаць. Станіслаў пайшоў у першы клас, калі яму не споўнілася нават шасці гадоў. Прытым, да таго часу ён умеў не толькі чытаць і пісаць, а і спраўляцца з чатырма галоўнымі дзеяннямі арыфметыкі. І не дзіўна, што настаўнік, бліжэй пазнаёміўшыся з хлопчыкам, заявіў, што ў першым класе яму рабіць няма чаго. Станіслаў пайшоў адразу ў другі клас. У вольны ад заняткаў час дапамагаў бацькам па  гаспадарцы. Так праходзіла бясхмарнае дзяцінства.

Станіслаў скончыў мясцовую пачатковую школу, потым - Макавіцкую васьмігодку і Глускую сярэднюю школу. У 1940 годзе С.Ліноўскі быў накіраваны ў Магілёў на гадзічныя курсы па падрыхтоўцы настаўнікаў для школ Заходняй Беларусі, а з мая 1941 года чакаў накіравання на працу. Але мары аб настаўніцкай дзейнасці не наканавана было збыцца. Грымнула вайна...

У Чырвоную Армію ён быў прызваны ў ліпені 1944 года радавым. Вайсковую службу праходзіў у 8-й матарызаванай брыгадзе. Ён быў кулямётчыкам станкавага кулямёта. Прымаў удзел у вызваленні Заходняй Беларусі, Польшчы, Германіі. Дэмабілізаваны Станіслаў Іосіфавіч быў у 1946 годзе.

Мае шматлікія ўзнагароды: ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені, два ордэны Чырвонай Зоркі, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, мноства медалёў.

У 1969 годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік народнай асветы”, указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР яму было прысвоена ганаровае званне – Заслужаны настаўнік БССР.

Імя Станіслава Іосіфавіча Ліноўскага занесена ў Кнігу народнай славы Старадарожскага раёна.

 

Яго прызванне настаўнік

С. І .Ліноўскі працаваў у школах Старадарожскага раёна з 1946 года.

У 1965 годзе скончыў Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага.

Быў  настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. З 1954 года да выхаду на пенсію працаваў дырэктарам Паставіцкай сярэдняй школы, потым зноў настаўнікам.

“З 1975 года школа пачала працаваць па кабінетнай сістэме, - расказвае С.І. Ліноўскі, –  шэсць кабінетаў зманціравалі з пультамі кіравання. А каб усё гэта зрабіць, настаўнікі цэлы месяц свайго водпуску ахвяравалі школе”.        

З успамінаў С.І. Ліноўскага: “У 1976 годзе на базе нашай школы праводзіўся абласны семінар дырэктараў школ, загадчыкаў раённых і гарадскіх аддзелаў народнай адукацыі.

Вопыт школы вывучаўся міністэрствам асветы БССР. І як вынік – школа рэкамендавана на Выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі СССР па тэме: “Абагульненне вопыту работы з маладымі кадрамі па павышэнню іх ідэйна-тэарытычнага ўзроўню і педагагічнага майстэрства”. Я быў узнагароджаны медалём і грашовай прэміяй, а А.Г. Кухмар, Т.І. Гула, А.А. Лазоўская былі зацверджаны ўдзельнікамі выстаўкі.

З сяброўскімі візітамі ў нас пабывалі дэлегацыі з Малдавіі, Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Нямецкія калегі пакінулі вось такі запіс: ”Мы віншуем калектыў Паставіцкай школы з поспехамі ў камуністычным навучанні і выхаванні юнага пакалення, якое жыве і працуе па-ленінску. Усім педагогам, піянерам-ленінцам і камсамольцам здароўя, поспеху ў рашэнні задач, якія ставіць будучае. Дэлегацыя школьных аддзелаў народнай адукацыі з Патсдама. 12.12.1980 г.”.

Нашым вопытам цікавіліся педагогі Блонскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна, Макавіцкай – Глускага, Глыбокскай – Клічаўскага, дэлегацыя з Татарыі. Школу наведаў у свой час  міністр асветы БССР М.Р. Мінкевіч, які даў высокую ацэнку нашай работы”.

Пакінуўшы працу ў 1994 годзе, Станіслаў Іосіфавіч не заставаўся ўбаку ад школьных спраў: браў удзел у школьных мерапрыемствах, уроках мужнасці, выступаў у сродках масавай інфармацыі.

Памёр С. І. Ліноўскі ў 2011 годзе.