Абрамовіч Іван Іванавіч

На вуліцы Ваньковіча ў аграгарадку Дзераўная стаіць прывабны ўтульны дом. Жыве ў ім былы настаўнік Абрамовіч Іван Іванавіч. 5 сакавіка 2020 года яму споўнілася 88 гадоў. Іван Іванавіч – ураджэнец вёскі Копцеўшчына Нясвіжскага раёна. Амаль палову стагоддзя аддадзена педагагічнай дзейнасці.

Бацькі, сяляне, займаліся нялёгкай сельскай гаспадаркай і вельмі хацелі, каб сын меў лепшую долю: надта ж дапытлівы быў Іван з маленства. Хлопчык вельмі стараўся вучыцца. Гады вучобы ў Лысіцкай сямігодцы запомніліся не толькі тым, што атрымаў веды па асновах навук, але тут ён стаў заядлым “кнігаедам”: перачытаў усе кніжкі са школьнай бібліяткі, браў у настаўнікаў, найбольш за ўсё любіў чытаць пра далёкія падарожжы і незвычайныя прыгоды.

Бацькі адобрылі жаданне сына паступаць у Нясвіжскае педагагічнае вучылішча. Гэтыя гады часта ўспамінаюцца,  многа было цікавых сустрэч, экскурсій, паходаў. Тут будучаму педагогу вельмі пашанцавала на цудоўнага настаўніка геаграфіі Аляксея Яўстаф’евіча Правашынскага. Вопытны педагог, ён дасканала ведаў свой прадмет і з вялікай любоўю выкладаў яго. А яшчэ за свой век ён абышоў і аб’ездзіў амаль увесь свет, таму навучэнцам так хацелася многа ведаць ад свайго настаўніка і быць падобным да яго.

Пасля заканчэння педвучылішча маладога спецыяліста размеркавалі на работу ў Івянецкі раён, назначыўшы загадчыкам Несцеравіцкай пачатковай школы. Працаваў нядоўга, дзве вучэбныя чвэрці. Затым быў прызваны на ваенную службу. Пасля яе Іван Іванавіч нават і не думаў пакідаць работу настаўніка. Два гады вучыў пачаткоўцаў у Дзераўнянскай сярэдняй школе, потым нядоўгі час узначальваў Ніўнянскую пачатковую школу і да канца сваёй педагагічнай дзейнасці працаваў у вёсцы Дзераўная. Тут, у Дзераўнянскай школе, сустрэў і пакахаў на ўсё жыццё статную настаўніцу фізікі Валянціну Іосіфаўну, купілі дом, нарадзілі і выгадавалі траіх дзяцей.

Работы ў маладога настаўніка хапала: завочная вучоба на геаграфічным факультэце ў БДУ, пазакласная работа па прадмеце, штодзённая падрыхтоўка да ўрокаў. Паступова прыходзіў вопыт, шліфаваліся ўрокі, удасканальвалася методыка іх выкладання.

Настаўнік не любіў тлумачыць свой прадмет па падручніку. Такая дысцыпліна, як геаграфія, патрабуе шырокіх ведаў, таму заўсёды пры вывучэнні новага матэрыялу выкарыстоўваў вытрымкі з успамінаў вучоных-падарожнікаў, славутых географаў. Карта, глобус, геаграфічныя прылады меліся на кожным уроку. Вывучэнне прадмета не заканчвалася класнымі заняткамі, дзяцей чакала цікавая работа і на геаграфічнай пляцоўцы. Спачатку яе будавалі, аснашчалі абсталяваннем, рабілі самі прылады, а потым пачыналася надзвычай захапляльнае: назіранні, доследы, складанне кліматычных карт, прагнозаў надвор’я, вядзенне дзённікаў. Усё гэта рабілі самі вучні, а настаўнік даваў парады, тлумачэнні, дапамагаў зрабіць высновы. Адным з лепшых у раёне быў і школьны кабінет геаграфіі – справа рук педагога і вучняў. А колькі летам праводзілася змястоўных пешых паходаў, экскурсій, цікавых паездак і сустрэч – усяго не пералічыш!

Іван Іванавіч, працавіты і сціплы, бездакорны выканаўца і добры таварыш, не трымаў у сакрэце свайго вопыту. За гады работы ў школе – незлічоная колькасць адкрытых урокаў, выступленняў перад калегамі з раёна і вобласці, нямала і праверак было вытрымана.

Працаваў педагог з 1965 па 1968 гады дырэктарам вячэрняй сярэдняй школы сельскай моладзі ў Дзераўной, затым – загадчыкам вучэбна-кансультацыйнага пункта, спалучаючы гэту работу з выкладаннем геаграфіі ў сярэдняй школе.

Жыць у вёсцы і не прымаць удзелу ў мясцовым грамадскім жыцці нельга. Таму амаль 40 гадоў узначальваў пярвічную арганізацыю таварыста “Веды” калгаса “Чырвоная зорка”. Прапагандаваць было што: па ўсіх паказчыках сельскагаспадарчай вытворчасці калгас займаў першыя пазіцыі. У гаспадарцы працавалі ў тыя часы вядомыя ў рэспубліцы людзі – заслужаныя работнікі сельскай гаспадаркі БССР: старшыня Фёдар Іванавіч Чэрнікаў, галоўны аграном Ганна Максімаўна Шаўчурка. А слава пра Героя Сацыялістычнай Працы бульбавода Рамана Леапольдавіча Ваньковіча разышлася па ўсім былым Савецкім Саюзе. Пра гэта вёў гаворку з сяльчанамі прапагандыст Абрамовіч.

Зразумела, педагагічная і лекцыйная работа Абрамовіча І.І. была заўважана і адзначана: спачатку многімі ганаровымі граматамі, граматамі аддзела адукацыі, райкама партыі, райвыканкама, а ў снежні 1968 года за дасягнутыя поспехі ў справе народнай асветы Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай з прысваеннем звання “Заслужаны настаўнік БССР”.

Наступныя сем гадоў, з 1969 па 1976, Іван Іванавіч працаваў арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы. Многа дапамагаў класным кіраўнікам у справе выхавання вучняў, сам рыхтаваў і праводзіў цікавыя вечары пытанняў і адказаў, дыспуты, арганізоўваў паходы, экскурсіі, працоўныя справы і летні адпачынак дзяцей. Пасля на працягу 10 гадоў (1976-1986) з’яўляўся намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Дзераўнянскай СШ. Яго вопыт як настаўніка-прадметніка спрыяў метадычнаму станаўленню педагогаў-калег. Апошнія гады да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў настаўнікам-географам.

Няўмольна бяжыць час. Вось ужо і 88 гадоў мінула. У дагледжаным доме Абрамовіча часта можна бачыць школьнікаў, з якімі былы настаўнік дзеліцца ўспамінамі, беражліва перакладваючы свае ўзнагароды. Самыя першыя з іх сталі ўжо рэліквіяй – грамата Беларускага рэспубліканскага савета добраахвотнага спартыўнага таварыства “Іскра” навучэнцу Нясвіжскага педагагічнага вучылішча за прызавое месца ў спаборніцтвах па лыжах, Ганаровая грамата ЦК ВЛКСМ старшаму сяржанту за выдатныя паказчыкі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы, бездакорную службу ва Узброеных Сілах, далей – граматы раённых арганізацый, прэзідыума праўлення рэспубліканскай і абласной арганізацый таварыства “Веды”, мноства грамат упраўлення адукацыі, Міністэрства адукацыі, адна з апошніх – падзяка старшыні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, асабісты ўклад у справу адукацыі і выхаванне моладзі, уручаная ў час сустрэчы з заслужанымі настаўнікамі ў аддзеле адукацыі ў маі 2001 года.

За кожнай узнагародай сапраўды стаіць шматгадовая добрасумленная праца. Эрудыцыя, педагагічнае майстэрства, добразычлівасць Івана Іванавіча ў спалучэнні з патрабавальнасцю дапамагалі вучням набыць веды, абраць прафесію, смела крочыць па жыцці.

Няма канца ўспамінам. На пытанне, ці не здарадзіў бы абранай прафесіі, каб давялося кола жыцця павярнуць наноў, Іван Іванавіч адказвае: “Быў бы настаўнікам!” З вялікай любоўю расказвае пра сваю жонку Валянціну Іосіфаўну, якая нядаўна пайшла з жыцця, пра сваіх дзяцей-педагогаў. Сын займаў пасаду старшага навуковага супрацоўніка на кафедры ядзернай фізікі ў БДУ, сярэдняя дачка выкладае ў Стаўбцоўскай школе мастацтваў, а малодшая працуе настаўнікам фізікі і інфарматыкі на Брэстчыне. Педагогіку абрала і ўнучка Івана Іванавіча, якая скончыла лінгвістычны ўніверсітэт і выкладае англійскую мову.

Вось так жыве ў вёсцы настаўнік, сэрца і веды якога назаўсёды аддадзены дзецям, аднавяскоўцам, грамадству.

 

З гісторыі Дзераўнянскай сярэдняй школы

У пачатку 60-х гадоў ХІХ стагоддзя ў мястэчку Дзераўная Віленскай губерні Ашмянскага павета існавала прыватная яўрэйская школа.

Па рашэнні валаснога сходу ў 1866 годзе адкрыта Дзеравенскае народнае вучылішча. Яно размяшчалася ў грамадскім доме – аднапавярховым будынку на 50 чалавек. На ўтрыманне вучылішча па загадзе валаснога сходу штогод адпускалася 150 рублёў з сумы воласці. Настаўнікам вучылішча быў сын праваслаўнага святара Мікалай Сцяпанавіч Васілеўскі, які скончыў Літоўскую духоўную семінарыю.

У 1878-1879 гадах у вучылішчы навучаліся 62 хлопчыкі, настаўнікам працаваў Андрэй Паўлавіч Ляшчынскі, Закон Божы выкладаў ксёндз Кіпрыян Жаброўскі.

У 1886-1887 гадах у Дзеравенскім народным вучылішчы займаліся 54 хлопчыкі і 1 дзяўчынка. Выкладчыкам быў Аляксандр Дубяга, які скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Закону Божы выкладаў ксёндз Іаан Кантрымовіч.

Навучанне пачыналася з сямі гадоў, было бясплатным. Выкладаліся такія прадметы, як арыфметыка, спевы, чыстапісанне, славянская мова, гімнастыка. Навучанне вялося на рускай мове. Усе прадметы ў пэўным класе вёў адзін настаўнік.

З успамінаў Пячынскай Яніны Іосіфаўны, жыхаркі в. Дзераўная: “У пачатку ХІХ стагоддзя ў вучылішчы выкладалі Касяк, Аксіння, Побля, Кобак, Сцяпура, Вольга Пятрэнка. Вучылася каля 50 дзяцей з Дзераўной і навакольных вёсак: Заброддзя, Зарэчча, Барка, Ніўнага. Пасля заканчэння выдаваўся адпаведны дакумент, аднак ён адыгрываў нязначную ролю пры паступленні ў вышэйшую школу ці працаўладкаванні. Можна было толькі паступіць у платную гімназію. Такую гімназію ў свой час скончыў у Івянцы Лютынскі Станіслаў.  

У 1921 годзе ў Дзераўной была пабудавана сямігадовая школа. Яна стаяла на тэрыторыі сучаснай. Гэта быў аднапавярховы будынак, даволі прасторны, з трыма ўваходамі: для настаўнікаў, для дзяцей і для абслуговага персаналу. Навучанне вялося на польскай мове. Беларуская мова не выкладалася, таму што была пад забаронай. Дырэктарам школы-сямігодкі быў Антон Гарошка. Нямецкую мову выкладала Анеля Гарошка, польскую – Марыя Грымбяжанка. Настаўнікамі працавалі Леум Лабацкі, Ядвіга Лойка, Дамянік Ваньковіч, Іосіф Сладзінскі, Андрэй Булько, Соф’я Свяхоўская, Камілія Такарская. Пазней выкладчыкам нямецкай мовы стаў Браніслаў Бузілоўскі, а дырэктарам прызначылі Шасняка Цітуса, у 1930 годзе – Казіміра Аляхновіча. Настаўнічалі ў пачатку 30-х гадоў пан Шкода, Базыль Шастаковіч, Міхаіл Кульша, Ірына Станіслаўская. Закон Божы выкладаў ксёндз Павел Должык (расстраляны немцамі ў 1943 годзе).

У канцы 30-х гадоў ХІХ стагоддзя вучылі пані Зажэцкая, пан Сейка і яго жонка, пан Шкода і яго жонка. Вучыліся ў дзве змены. Па суботах ладзіліся вечары”.

З успамінаў Сянько Анеліі Калексаўны і Вярбіцкага Часлава Паўлавіча, жыхароў в. Дзераўная: “У 1939 годзе, калі прыйшла Чырвоная Армія, школа была перададзена Саветам, а вучняў перавялі на клас ніжэй. Пачалі выкладаць рускую і беларускую мовы”.

Паводле звестак Баранавіцкага дзяржаўнага архіва, у 1940-1941 гадах настаўнічалі ў Дзераўнянскай школе Шпакоўскі Зянон Іванавіч, дырэктар, выкладчык беларускай мовы; Свяхоўская Софія Дамянікаўна, завуч, выкладчык гісторыі, геаграфіі, прыродазнаўства; Мінкевіч Марыя Фадзееўна, выкладчык нямецкай мовы і арыфметыкі; настаўнікі пачатковых класаў: Гавінская Рэгіна Люцыянаўна (1 клас), Такарскі Юлій Эдуардавіч (2 клас), Такарская Камілія Станіславаўна (3 “А” клас), Свяхоўскі Іосіф Эдуардавіч (3 “Б” клас), Рэзнік Рахіль Навумаўна (4 “А” клас), Лютынскі Станіслаў Іванавіч (4 “Б” клас). У 1941-1942 гадах працавалі гэтыя самыя настаўнікі, а таксама Шурыцкі Іван Рыгоравіч (пачатковыя класы), Валодзька Аляксандра Сідараўна (усе прадметы).

Паводле звестак загадчыка Івянецкага РАНА Ціхановіча Аляксандра Антонавіча, пасаду дырэктара ў 1944-1945 гадах займаў Ваньковіч Дамянік, які да вайны працаваў у вёсцы Ніўнае.

З успамінаў Саматыя (Лютынскай) Ядвігі Казіміраўны: “У гады Вялікай Айчыннай вайны школа працавала да 1943 года, пакуль яе не спалілі, каб не даць магчымасці размясціцца ў гэтым будынку нямецкай камендатуры. У 1944 годзе адразу пасля вызвалення вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў школа часова размяшчалася ў хатах Раманчука Канстанціна і Сяліцкага Калекса. Пазней  пад школу аддалі будынак былога паліцыянта Смалягі, якога забілі чырвонаармейцы падчас сутычкі з палякамі, якія адступалі. Сям’я Смалягі выехала ў Польшчу.

З цягам часу колькасць дзяцей школьнага ўзросту ў вёсцы павялічылася, аднаго будынка школы стала мала, і таму арандавалі пакоі ў Вярбіцкага Паўла, Пячынскай Зінаіды, Шушкевіча Адама, Запольскай Софіі, Гальца Івана. Дамянік Ваньковіч, ранейшы дырэктар школы, выехаў у Польшчу, а гэту пасаду заняў Свяхоўскі Іосіф Эдуардавіч. У 1946 годзе прыехала працаваць Квяткоўская Леакадзія Юльянаўна, пазней – Кальчэўскі Раман Васільевіч і яго жонка Лукер’я Кірылаўна. З 1947 года працавала Міхалкова Клаўдзія Захараўна.

Першы выпуск 7 класа адбыўся ў 1951 годзе (33 вучні). Сярод выпускнікоў былі Вярбіцкі Часлаў Паўлавіч (пазней – настаўнік фізічнай культуры Дзераўнянскай сярэдняй школы), Варакса Раман, Грынкевіч Соф’я, Босы Вітольд, Сяліцкі Эдуард, Бець Станіслаў, Дзям’янка Софія, Корсак Ганна, Пячынскі тадэвуш, Дзям’янка Галена, Шыманскі Міхаіл, Тышкевічы Галіна і Анатоль, Вярбіцкая Данута, Гасюк Часлаў, Вярбіцкі Франц, Лютынская Ядвіга і іншыя. Першым настаўнікам у іх быў Такарскі Ю.Э., пасля вайны ў 4 класе – Ваньковіч Дамянік, у 7 класе класным кіраўніком была Кушнерава Марыя Гаўрылаўна”.

Па прапанове Івянецкага РАНА і па рашэнні Баранавіцкага абласнога аддзела народнай адукацыі ў 1954 годзе ў Дзераўнянскай школе быў адкрыты 8 клас, а ў 1957 годзе адбыўся першы выпуск дзесяцікласнікаў. Усіх выпускнікоў было 21, класным кіраўніком у іх была Абрамовіч Валянціна Іосіфаўна.

Паводле даных Мінскага абласнога архіва, у 1965-1966 гадах у школе навучаліся 490 вучняў, з іх 144 займаліся на чацвёркі і пяцёркі. Выдатнікаў было 31.  

З успамінаў настаўнікаў Пячынскай Марыі Паўлаўны і Жарскага Аляксандра Іванавіча: “У 1954 годзе пабудавалі яшчэ адну школу на Пясках, у 1959 годзе – на тэрыторыі сучаснай школы, пазней у гэтым будынку размяшчаўся інтэрнат, які знеслі ў 2003 годзе. Зараз на гэтым месцы пасаджана алея Памяці.

Сучасны будынак школы (трохпавярховы) узведзены ў 1965 годзе,  так як колькасць вучняў штогод павялічвалася, у асноўным былі па два класы-камплекты. Займаліся ў дзве змены. Арандавалі таксама і будынкі ў Пугача Івана і Паўлавай Марыі.

Урачыстае адкрыццё сучаснага будынка адбылося 1 кастрычніка 1965 года. Пасаду дырэктара ў гэты час займаў Жарскі Аляксандр Іванавіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. У 1965-1974 гг. дырэктарам школы быў Панамароў А.М., ветэран Вялікай Айчыннай вайны, камандзір партызанскай брыгады “Спартак” (зараз яго імя носіць піянерская дружына школы), у 1975 г. – Урбан Марыя Вікенцьеўна, у 1975-1979 – Серы Уладзімір Міхайлавіч, у 1979-1986 – Паўлюшчык Юзэфа Аляксандраўна, у 1986-2002 – Кахновіч Леанід Сямёнавіч. З 2002 г. школу ўзначальвае Шумчык Марыя Мар’янаўна.

З 1957 года школу закончылі звыш 2700 навучэнцаў, з іх больш за 200 медалістаў.

Сёння ва ўстанове адукацыі “Дзераўнянская сярэдняя школа” займаюцца 207 навучэнцаў. Адукацыйны працэс забяспечваюць 32 педагогі, з іх 1 мае кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, 19 – вышэйшую, астатнія – першую.

У школы ёсць свой герб, гімн, а таксама своеасаблівы абярэг – карціна-абраз з выявай Папы Рымскага Яна Паўла ІІ, падораная выпускніком 1977 года, а зараз біскупам Пінскай дыяцэзіі Антоніем Дзям’янкам. Экскурсія па школьным музеі “Стаўбцоўшчына літаратурная”, які функцыянуе з 1997 года, пачынаецца з карціны-абраза.