Собаль Любоў Анатольеўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

 “Шчаслівы чалавек”

У жыцці патрэбна мець свой шлях, сваю дарогу. І на гэтай дарозе мець сваю прафесію, служэнне якой стане сэнсам усяго жыцця. Тады ты будзеш шчаслівым чалавекам. А шчаслівы заўседы той, хто робіць шчаслівым другіх! Ты нават здольны забыць пра свае інтарэсы, пра сябе самога. Ты ахвяруеш сябе сваёй прафесіі!

Хто ведае гэта і памятае аб гэтым заўсёды, той ужо ніколі не здрадзіць прафесіі, ніколі не пазбудзецца гэтай цягі да разумнага, добрага і вечнага, таму што ён будзе глядзець у вочы сваім шматлікім вучням, і там убачыць павагу і любоў, разуменне і адданасць, якімі некалі так шчодра дзяліўся на працягу свайго прыгожага і шчаслівага жыцця ў адукацыі, у любімай школе, у цудоўным калектыве калег-аднадумцаў, побач з любімымі вучнямі.

“Ад бацькі і маці, ад роднай зямлі”… (успаміны дзяцінства)

- Нарадзілася на Навагрудчыне (у 1957г. у в. Сенна), у сям’і веруючых, дзе панавала атмасфера павагі, разумення, клопату і дабра. Мама – клапатлівая гаспадыня, тата – інтэлігентны, эрудыраваны чалавек, які ніколі не расставаўся з кнігай і прывіваў цікавасць да чытання, да літаратуры ўвогуле. Бацька марыў, што я стану настаўніцай (гэтая прафесія была самай прэстыжнай на той час). Тым больш, што цеткі таты Варвара і Валянціна на пачатку XX стагоддзя настаўнічалі ў Львове, а мая цетка, Таісія Фамінічна Казак, працавала настаўніцай пачатковых класаў у г. Мурманску. На ўсе святы мне дарылі цікавыя кнігі, якія я перачытвала вельмі хутка, уяўляючы сябе на месцы аднаго з герояў.

-Добра памятаю сваю Любчанскую школу, сяброў-аднакласнікаў, любімых настаўнікаў, заняткі ў драматычным гуртку, у нашым школьным хоры, мае заняткі ў ролі важатай з малодшымі школьнікамі… І радасць ад першых перамог на алімпіядах, конкурсах, удзел у канцэртах мастацкай самадзейнасці і аднагалоснае прызнанне ўсімі таго, што “Люба будзе добрай настаўніцай!” Усё гэта дапамагло спыніць свой выбар на гэтай ганаровай прафесіі, якая зрабіла маё жыццё шчаслівым! -  Л.А. Собаль

“Пачэсны шлях служэння прафесіі”

Л.А. Собаль – настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, выкладае родную мову і літаратуру ў ДУА “Неманская сярэдняя школа імя І.Д. Гурскага”  Уздзенскага раёна з 1979 года, пасля заканчэння філалагічнага факультэта педінстытута імя А.М. Горкага.  З 1996 па 2003 год працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.

Выдатнае веданне свайго прадмета, метадычнае майстэрства, эрудыцыя вылучаюць яе сярод іншых настаўнікаў-прафесіяналаў. Яе біяграфія – яскравы прыклад таго, што настаўнік усё жыццё расце сам і ўзнімае да вяршынь сваіх вучняў.

Прыйшоўшы працаваць у канцы 70-х гадоў у Нёманскую сярэднюю школу, яна непрэтэндавала на вядомасць, аўтарытэт, славу, але лёс распарадзіўся так, што ад пачатку сваёй дзейнаці і да сённяшніх дзён яна з’яўляецца ініцыятарам і здзяйсняльнікам многіх творчых і гучных спраў у школе, раёне. З яе думкай лічацца, да яе звяртаюцца, яна – высокі практык-прафесіянал, які напрацаваў за гады статус не проста настаўніцы, а настаўніка-лідара. Найбольш глыбока і паслядоўна здольнасці Любові Анатольеўны праявілісяў справе папулерызацыі беларускай мовы і нацыянальнай культуры.

“Сакрэты педагагічнага майстэрства”

Цікава, змястоўна і годна праходзяць ўсе настаўніцкія будні і святы Любові Анатольеўны. Яна заходзіць у клас з ветлівай усмешкай, вялікім жаданнем даступна растлумачыць тэму, выклікаць цікавасць да новага і нязведаннага, а пасля радуецца поспехам і перамогам вучняў. У таленавітага настаўніка заўседы таленавітыя і здольныя вучні, а таксама свае падыходы да іх навучання. Галоўнае- пераканаць вучня, што ён павінен стаць лепшым сярод лепшых, што трэба многа працаваць на ўроку, а дома здабываць веды самастойна. І,безумоўна, паважаць сваіх навучэнцаў, бачыць у кожным з іх асобу. А яшчэ быць адданым настаўніцкай справе да канца.

Па характары Любоў Анатольеўна – энергічны, ініцыятыўны чалавек. Калі бярэцца за справу, то рабіць яе якасна, з поўнай аддачай. Сярод яе вучняў шмат пераможцаў розных творчых конкурсаў, алімпіяд, выпускнікі паказваюць высокія вынікі на ЦТ, займаюць прызавыя месцы на навукова-практычных канферэнцыях. У школе дзейнічае літаратурна-драматычны гурток “Жывое слова”. Спектаклі, літаратурныя імпрэзы, падрыхтаваныя вучнямі і настаўнікамі, з поспехам праходзілі на сцэнах ДК усяго раёна. Цудоўна праведзеныя літаратурныя вечарыны, сустрэчы са знакамітымі людзьмі раёна, вобласці застануцца ў памяці надоўга. Настаўніца праводзіць семінары самых розных узроўняў: ад раённых да абласных і рэспубліканскіх (сустрэча з рэдакцыяй рэспубліканскага навукова-метадычнага часопіса “Роднае слова”), з’яўляецца аўтарам праектаў “Момант ісціны” (роля роднага слова ў адраджэнні духоўнасці), “Голасам душы і сэрца”, “Паэзія – госця нябесная”, “Паэзія – музыка душы”, “Сэрцам роднага слова краніся”…Дарэчы, Любоў Анатольеўна актыўна прапагандуе беларускую мову і культуру ў СМІ, мае публікацыі па розных тэмах у часопісе “Роднае слова”, “Образование Минщины”, у “Настаўніцкай газеце”, раённай газеце “Чырвоная зорка”.Адзначана ганаровымі граматамі і дыпломам 1 ступені за ўдзел у творчых конкурсах часопіса “Роднае слова”. На старонках гэтых выданняў друкуюцца яе артыкулы, распрацоўкі ўрокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў.

Вялікую работу праводзіць настаўнік  з адоранымі вучнямі. Члены гуртка “Жывое слова” пішуць апавяданні, казкі, вершы, выпускаюць свае зборнікі паэзіі(“Роднай старонцы”, “Удзячнасць”, “Жывінка”, “Вясновая радасць”), якія радуюць адкрытасцю пачуццяў і сваёй непаўторнасцю. У снежні 2019 была арганізавана сустрэча з выкладчыкамі і студэнтамі філалагічнага факультэта БДПУ імя М. Танка з мэтай павышэння кампетэнтнасці навучэнцаў. Майстар клас з юнымі паэтамі правеў сучасны беларускі паэт, член СП Беларусі, Мікола Шабовіч. Такія сустрэчы адкрываюць дзверы ў вялікі свет беларускасці.

“Па працы і гонар”

За сваю адданасць настаўніцкай прафесіі, за апантанасць і самаахвярнасць, за вялікую любоў і павагу да навучэнцаў Любоў Анатольеўна ўзнагароджана Граматамі Міністэрства адукацыі (1), абласнога ўпраўлення адукацыі (3), падзякамі і Ганаровай граматай Уздзенскага райвыканкама (3), Ганаровымі граматамі аддзела адукацыі спорту і турызму(7) і рэдакцыі часопіса “Роднае слова” (5).

Справы Любові Анатольеўны аказваюць уплыў і бударажаць свядомасць сучасніка пастаянна, яны маральна не старэюць. Сустрэча з такім чалавекам – вялікая ўдача. Сваёй асобай яна фарміруе грамадскую думку паважлівых адносін да настаўніцкай прафесіі, да беларускай мовы, нацыянальнай культуры, да сваіх вучняў. Такім чалавекам можна захапляцца, гэта маральны аўтарытэт, вышыня, да якой трэба цягнуцца.

Самай галоўнай падзякай і ўзнагародай Любоў Анатольеўна лічыць павагу калег, бацькоў і любоў сваіх вучняў, якія сустрэлі ў пачатку свайго жыццёвага шляху сапраўднага настаўніка, цікавага чалавека, які заўсёды знойдзе добрыя словы для сваіх выхаванцаў, натхніць на новыя поспехі, падтрымае, таму што ўвесь час яна сумленна працавала і працуе не для выгоды або славы, а для таго, каб быць карыснай людзям, узняць прэстыж настаўніцкай прафесіі, аддаючы свае веды, цяпло сэрца сваім любімым вучням. Яна выхоўвае іх сапраўднымі людзьмі і ганарыцца сваімі выпускнікамі і сваёй прафесіяй.