Гісторыя ДУА “Морацкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа Клецкага раёна”
Морацкая школа была адкрыта ў 1903 годзе як царкоўна-прыходская пачатковая. Будавалі яе бедныя людзі яшчэ пры цару Мікалаю II.
У школу хадзілі дзеці розных узростаў, але ў асноўным вучыліся толькі хлопчыкі. Дзеці займаліся ўсе ў адным памяшканні.
У 1914 годзе ў весцы Морач дзяцей вучыла настаўніца Калоша Анастасія Сямёнаўна.
У класе ўжо ў той час былі лаўкі , дошка і геаграфічная карта, але не было паперы і таму пісалі грыфелем на дошцы. Вучылі такія прадметы як арыфметыку, граматыку і закон божы. Усе ўрокі вяліся на рускай мове, а беларускае слова было ў забароне.
Вёска Морач пасля несправядлівага Рыжскага дагавора стала ўласнасцю Польшы. Пачала працаваць польская пачатковая школа. Яе дырэктарам быў Францішак Краўчукевіч, а настаўніцай – Мар`я Кшэвіцка. Усе прадметы ў школе выкладаліся на польскай мове. Адзін раз у тыдзень на закон божы прыходзіў свяшчэннік. У школе дзяцей часта наказвалі, і таму яны ўцякалі дадому. За ўцёкі дзяцей бацькі плацілі вялікі штраф.
Пасля смерці Францішака Краўчукевіча ў школу прыехалі працаваць Ванда Плешкоўна і Францішак Барташэвіч.
У часы Заходняй Беларусі не ўсе дзеці мелі магчымасць вучыцца, бо за вучобу трэба было плаціць вельмі многа грошай, і таму бацькі наймалі чалавека, які ўмеў чытаць, пісаць, лічыць, вучыць дзяцей дома.
У Морачы самым адукаваным быў Рамашка Раман Сцяпанавіч, вось ён і хадзіў па хатах, вучыў дзяцей бедных людзей.
З радасцю сяляне сустрэлі дзень 17 Верасня 1939 года. Заходняя Беларусь увайшла ў склад Савецкай Беларусі. У вёсцы пачынае працаваць беларуская пачатковая школа, дырэктарам якой становіцца Рамашка Раман Сцяпанавіч. У той час у школе працуюць настаўнікамі Гардзей А.І., Лапата Ф.Л., Рудко У.А.
Калі пачалася вайна, школа бала закрыта. Яна аднаўляе сваю дзейнасць толькі пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе. Дырэктарам застаецца Раман Сцяпанавіч. Дзяцей вучаць настаўнікі: Бабеня А., Гарашчэня Н., Зайцава С.А., Абабурка А. У пасляваенныя годы ў школе працаваць было цяжка, бо не хапала падручнікаў: на 10 вучняў была толькі адна кніга. А замест сшыткаў - кусочкі паперы і старыя газеты.
У 1949 годзе ў вёсцы пачынае працаваць сямігадовая школа. Дырэктарам яе назначаецца Ус Іван Іванавіч. У гэтым жа годзе ствараецца першая піянерская арганізацыя. Першай старшай піянерважатай была Зайцава Софія Антонаўна. Настаўнікамі працуюць Кіеня Н., Семяновіч В.В., Семяновіч М.Н. За час работы сямігодкі, школу закончылі 162 вучні.
Ішлі годы, мяняліся настаўнікі і дырэктары:
З 1954 па 1957 год - Сокалаў Якаў Мартынавіч.
З 1957 па 1959 год - Дзікевіч Уладзімір Іосіфавіч.
З 1959 па 1960 год - Кішко Леанід Сяменавіч.
З 1960 па 1969 - Шахоўскі Вячаслаў Георгіевіч.
Колькасць вучняў пачынае расці і ў 1962 годзе Морацкая сямігадовая школа становіцца васьмігадовай. Настаўнікамі працуюць: Шахоўская Яўгенія Паўлаўна, Клімчук Марыя Якаўлеўна, Сокалава Лідзія Антонаўна, Кендыш Галіна Іванаўна, Піліпеня Лідзія Аляксееўна. У 1964 годзе пачынае будавацца новае памяшканне школы.
З 1966 года Морацкая школа становіцца сярэдняй. Дзеці вучацца ў трох памяшканнях. Асобна знаходзіцца майстэрня і сталоўка.
У гэтым жа годзе была створана камсамольская арганізацыя. Першы выпуск сярэдняй школы быў у 1968 годзе.
З 1969 года па 1971 год дырэктарам Морацкай сярэдняй школы з`яўляецца Горбач Аляксей Аляксеевіч. Некалькі месяцаў абавязкі дырэктара выконвае завуч школы Рамашка Леакадзія Іосіфаўна.
З 1971 па 1974 год дырэктарам школы быў Мялешка Мікалай Іванавіч.
У 1974 годзе дырэктарам - становіцца Журкоўскі Уладзімір Пятровіч.
Прааналізаваўшы перспектыву развіцця вескі Морач, праўленне калгаса “Прагрэс” зрабіла вынік, што трэба будаваць новую школу.
У 1986 годзе новая школа была пабудавана. Яна разлічана на 420 пасадачных месц, 12 класаў-камплектаў, 5 груп прадоўжанага дня.
З 1998 года Морацкую сярэднюю школу ўзначальвае Груша Зоя Васільеўна.
З 2006 па 2010 год дырэктарам школы з’яўляўся Берташ Сяргей Міхайлавіч.
А з красавіка 2010 года дырэктарам становіцца Крыцкі Андрэй Уладзіміравіч.
У 2014 года школа атрымлівае статус “Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Морацкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа Клецкага раёна”.
Сення ў школе працуе 25 настаўнікаў і вучыцца 127 вучняў.
У школе дзейнічае гісторыка-этнаграфічны музей “Гісторыя в.Морач”.