Гісторыя дзяржаўнай установы адукацыі

“Камсамольскі вучэбна-педагагічны комплекс

діцячы сад-сярэдняя школа” Капыльскага раёна Мінскай вобласці

 Пукаўская царкоўна-прыходская школа(1882-1921)

У 1882 годзе паміж вёскамі Пукава I і Пукава II была пабудавана Пукаўская царкоўна-прыходская школа Пукаўскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерніі.

Кіраўніцтва царквою (прыходам) і школаю ажыццяўляў поп Малевіч і яго нашчадкі. Асноўная ўвага надавалася вывучэнню “Закона божага”, малітваў, рэлігійных песень. Вучні былі перакананы, што існуючы парадак - гэта воля Бога. Навучанне ажыццяўлялася выключна на рускай мове.   

Пукаўская школа абслугоўвала 8 вёсак: Асавец, Баркаўцы, Бор, Кандратавічы, Лапухі, Пукава I, Пукава II, Пятрылава.

Пасля заканчэння школы далей вучыцца ніхто не ішоў, бо ў бедных не было сродкаў для далейшага навучання дзяцей. Да 1917 года толькі кожны дзясяты быў граматным.

 Пукаўская чатырохкласная і сямігадовая школа (1922-1950)

У 1922-1923 годзе Пукаўская царкоўна-прыходская школа стала Пукаўскай чатырохкласнай школай. Навучанне адрознівалася тым, што ўвага звярталася на якасць ведаў, у школе больш не было рэлігійнага навучання. З 1922 года навучанне вялося на беларускай мове, павялічылася колькасць гадзін на навучанне арыфметыцы, рускай і беларускай мове, гісторыі. У 1923 годзе не было выпуска з пачатковай школы. У 1924 годзе школу скончылі толькі трое вучняў з васьмі, бо экзамены трэба было здаваць у Грозаўскай школе. Усе экзамены праводзіліся ў адзін дзень. Вучні пісалі пераказ, рашалі пісьмовую задачу і адказвалі вусна.

З 1932 года Пукаўская пачатковая школа стала сямігадовай школай.

У той час школа з’яўлялася цэнтрам грамадскага жыцця вёскі. У школе існавала піянерскія арганізацыі, якой кіравалі настаўнікі. Акрамя вядомых прадметаў вучні ў той час вывучалі яшчэ Канстытуцыю СССР.

У 1941 годзе пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Пра лёс Пукаўскай школы ў гэты час можна даведацца з аўтабіяграфічнай паэмы былога вучня нашай школы, які прайшоў слаўны шлях ад вясковага хлапчука да акадэміка, прафесара, доктара тэхнічных навук, Клішэвіча Міхаіла Якаўлевіча. Міхаіл Якаўлевіч адзначае,што “школа з сялом дзяліла долю - яе спалілі”. Але як толькі акупанты былі выгнаны з роднай зямлі, зноў зазвінеў школьны званок, і зноў  школа пачала сваю працу.

 Пукаўская сярэдняя школа(1950-1963)

У 1950 годзе сіламі настаўнікаў, вучняў і грамадскасці была пабудавана новая школа. З 1951 года Пукаўская школа стала сярэдняй.

Галоўным у рабоце школы былі веды настаўніка і яго ўменне захапіць дзяцей навукай і, безумоўна, жаданне школьнікаў вучыцца.

У 1958 матэрыяльная база школы значна ўмацавалася. У 1962 г., пасля рэформы сярэдняй школы, усталявана 11-гадовае навучанне з ухілам на працоўную адукацыю. Але з 1964 года было вырашана зноў вярнуцца да 10-гадовага навучання.

Па заказе праўлення калгаса імя У.І.Леніна Беларускі дзяржаўны праектны інстытут “Белпрампраект” зрабіў праектна-каштарысную дакументацыю “на будаўніцтва сярэдняй школы на 640 вучняў і кацельні пры ёй”.

 Камсамольская сярэдняя школа(1964-2006)

1964 год. Краіна святкавала 20-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.  Пукаўская школа стала Камсамольскай сярэдняй школай. Гэта падзея была звязана са зменаю назвы вёскі. Па ўказцы “зверху” “немілагучная” назва вёскі была зменена на новую, якая сімвалізавала перамогу сацыялізму ў БССР. Вёска Пукава стала называцца в. Камсамольская. Школа таксама змяніла назву.

У 1966 годзе была пастаўлена задача пераходу да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. 

У 1973 годзе выдадзена Пастанова ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР “Аб мерах па паляпшэнні ўмоў працы вясковай агульнаадукацыйнай школы”. І як вынік - у вёсцы пачалося будаўніцтва новай школы.

Новы будынак школы  ўзведзены ў 1976 годзе. Школа пачала працаваць па кабінетнай сістэме. Быў створаны стадыён з неабходным спартыўным абсталяваннем.

Лічылася, што кожны чалавек мае магчымасць выбраць жыццёвы шлях згодна са сваім прызваннем і магчымасцямі, быць карысным Айчыне, свайму народу. Таму пры школе быў адкрыты вучэбна-вытворчы камбінат. Вучні сталі асвойваць прафесію трактарыста-машыніста.

Была адкрыта група падоўжанага дня для вучняў 1 – 4 класаў.

Час не стаіць на месцы. Ён імкліва бяжыць, несучы з сабой змены.

З 2006 года ў школе быў уведзены дзелавы стыль адзення.

ДУА “Камсамольскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”

У 2007 годзе школа рэфармавана ў дзяржаўную ўстанову адукацыі “Камсамольскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”. Установу адукацыі пачалі наведваць не толькі 73 вучні, але і 19 выхаванцаў дашкольнай групы.

За апошнія гады школа моцна змянілася. Кабінеты сталі больш утульнымі дзякуючы рамонту і новай мэблі. У школе маецца ўсё неабходнае для паспяховай працы настаўнікаў і вучняў. Вялікая ўвага надаецца спартыўнай падрыхтоўцы. Для гэтага ёсць спартыўная і трэнажорная залы, спартыўная пляцоўка, неабходны спартыўны інвентар.

Адным з любімых прадметаў сучасных вучняў у краіне і ў нашай школе з’яўляецца інфарматыка. Сёння немагчыма ўявіць школьнікаў, якія не валодаюць сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. Гэта рэаліі нашага сённяшняга жыцця.

Вялікая ўвага надаецца выхаванню вучняў. На базе школьнага музея “Спадчына” створаны рэсурсны цэнтр па грамадзянска-патрыятычным і духоўным выхаванні навучэнцаў.

Для паўнаты карціны занатаваны меркаванні сённяшніх вучняў аб школе. Вось некаторыя з іх:

Школа - гэта пачатак усіх пачаткаў;

Школа- гэта творчая майстэрня;

Школа- гэта прытулак музы гісторыі Кліо;

Школа- захавальніца традыцый;

Школа- радасць пазнання;

Школа- прыступка для здзяйснення мар.