З гісторыі адукацыі і асветы ў Мядзельскім раёне
Як навучаліся нашы продкі? Магчыма, кожны, зацікаўлены ў навучанні сваіх дзяцей, запрашаў прыватных настаўнікаў на дом. Потым падрыхтаваныя такім чынам вучні, калі хацелі прадоўжыць адукацыю, стараліся паступіць ва ўніверсітэт.
Аб тым, што асвета і навучанне на Беларусі стаялі даволі высока, сведчаць матрыкуляцыйныя спісы Кракаўскага ўніверсітэта. Так, у XV стагоддзі, з 1433 (гэтым годам датуюцца першыя запісы) па 1500 год у Кракаўскім універсітэце з Русі і Літвы (тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага) навучалася 120 чалавек.
Былі сярод іх і нашы продкі – жыхары Мядзельшчыны. Вучыліся ў Кракаўскім універсітэце шкаляры са Свіры (1476 і 1508 г.г.), з г.Мядзела (1541 г.). Гэтыя дадзеныя няпоўныя ў сувязі з тым, што многія, асабліва бедныя студэнты не былі занесены ва ўніверсітэцкія матрыкулы, так як за гэта трэба было ўнесці плату (на чым яны эканомілі). Напрыклад, у 1476 годзе князь Андрэй Свірскі прыбыў у Кракаў з групай суайчыннікаў (“… з 40 поплечниками своими…”). Аднак іх імёны засталіся невядомымі.
Прадстаўнікі Мядзельшчыны вучыліся даволі добра.
“Князь Андрэй сын Петруся са Свіры” паступіў ва ўніверсітэт у 1476 годзе, а ў 1478 годзе атрымаў ступень бакалаўра. Потым ён здабыў ступень магістра і чытаў у Кракаўскім жа універсітэце ў 1488 – 1489 г.г. курс лекцый па Арыстоцелю.
Аб далейшым яго лёсе расказвае надпіс на інкунабуле “Majus junianus. De priscorum proprietate verborum. Trevisia, 1447” з калекцыіі магістра Кракаўскага універсітэта Адама з Котры: “Книга Адамова Якубовича с Котри с Литвы, з волоси Городенское, Зьброшкова брата, ему ж накладалася за науку до Кракова болеи десять лет, из детинства ест при школе виленскои ласкаве ховался, небощик князь Иондрей (Swirski), негды каноник и кустош костола святого Станислава”.
У Кракаўскім універсітэце вучыўся і Ваўжынец Мядзельскі, аўтар вядомага ў Еўропе палітычнага трактата “Апісанне магутнай Турцыі” (1514 г.). Невядома, ці быў аўтар у Турцыі, але на працягу 250 год кожны паважаючы сябе еўрапейскі дыпламат, які выязджаў з даручэннямі ў Турцыю, лічыў абавязковым для сябе азнаёміцца з гэтым творам.
У XVI ст. моладзь Вялікага княства Літоўскага вучылася, акрамя Кракаўскага ў Балонскім, Падуанскім, Кёнігсберскім, Вюртэмбергскім, Інгальдштацкім, Грэйфевальдскім, Франкфуркцкім, Адамоўцкім і іншых універсітэтах Еўропы. Там вучыліся і нашы землякі.
У тыя часы навучанне без падтрымкі багатых патронаў было даволі цяжкім. Таму вельмі ўдзячныя былі шкаляры дапамозе мядзельскіх мецэнатаў Кішкаў, Сапегаў, Корсакаў і іншых. Так, пра схільнасць да мецэнацтва князя Андрэя Свірскага засведчыў магістр Кракаўскага універсітэта вышэйзгаданы Адам з Котры.
Вядома мецэнацкая дзейнасць Кішкаў, родавым “гняздом” якіх былі Крывічы. Дзякуючы Льву Кішку, уніяцкаму мітрапаліту, выдадзены “Лексикона, сиречь словесника словенскаго, имеющего в себе словеса перве словенския, азбучныя, по сем же польския, благопотребнаго к выразумению словес словенских, обретающихся в книгах церковных” [Супрасль,1722]. Станіслаў Кішка, епіскап жмудскі, купіў у 1622 г. вялікі дом для семінарыстаў. Ян Кішка, жмудскі староста, потым віленскі кашталян, абсталяваў тры (!) друкарні (у Лоску, Любчы і Заслаўі) і адкрыў некалькі школ. Ганна з роду Кішкаў разам з мужам Кшыштафам Радзівілам прызначылі вечны фонд у 25 тысяч злотых (на нашы грошы прыблізна 37 500 000 даляраў) на ўтрыманне ўсяго службовага персаналу кейданскага збору і гімназіі, а таксама сіроцкага дома і шпіталя.
Ян Мікалай Корсак, земскі суддзя Ашмянскага павета, адкрыў Корсакаўскую бурсу. Акрамя іншых прывілеяў, бурсакі атрымалі права лавіць рыбу ў возеры Нарач летам, каб нарыхтаваць яе на зіму - “…уступ ў возера” ля сучаснага аграгарадка Занарач. Бурса насіла шляхецкі характар. У ёй жыло 20 маладых дваран, у тым ліку 10 абавязкова з прозвішчам Корсак. Дзякуючы мецэнатам, мядзельчане навучаліся ў Ашмянах, Полацку, Вільні…
Але жыццё патрабавала больш адукаваных людзей. На тэрыторыі Мядзельскага раёна пачалі адкрывацца школы. Першыя школы ўзнікалі ў мястэчках, пры храмах і брацтвах. Так, у другой палавіне XVI стагоддзя ў Крывічах меў сваю школу ордэн трынітарыяў, у г.Мядзеле – кармеліты. У Будславе ордэн бернардзінцаў адкрыў парафіяльную школу, у 1756 г. –музычную.
З развіццём гаспадарчых адносін сетка школ пашырылася. Асноўнымі тыпамі школ у сістэме пачатковай адукацыі былі народныя вучылішчы, царкоўнапрыходскія школы і школы граматы. На тэрыторыі Мядзельскага раёна ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя дзейнічалі 57 школ граматы, 8 царкоўнапроыходскіх школ, прыходскае вучылішча ў Будславе і 11 народных вучылішчаў (з іх 1 жаночае), у якіх навучаліся 1051 хлопчык і 132 дзяўчынкі. На асвету выдзяляліся вельмі мізэрныя сродкі. Таму школы былі там, дзе насельніцтва было згодна ўтрымліваць іх за свій кошт.
Царкоўнапрыходскія і школы граматы адносіліся да ведамства Сінода і мелі абмежаваную праграму навучання. У школах даваліся толькі элементарныя веды: руская і царкоўнаславянская пісьменнасць, асновы лічэння, малітвы, першасныя паняцці і догмы праваслаўнай веры. Асноўная ўвага аддавалася выхаванню непахісных перакананняў і вернападданых пачуццяў.
Некаторыя царкоўнапрыходскія школы і вучылішчы мелі даволі высокі аўтарытэт у сваёй мясцовасці паміж падобных школ. Напрыклад, сяляне вёскі Гняздзілава Парафіянаўскай воласці аддавалі перавагу перад іншымі Будслаўскаму прыходскаму вучылішчу (працавала з 1800 г.), лічылі што “суседнія вучылішчы, акрамя Будслаўскага – прыкладнага ў многіх адносінах, мала да гэтага часу прыносяць карысці грамадству”.
Шырокай вядомасцю сярод насельніцтва карысталася Засвірская двухгадовая царкоўнапрыходская школа з настаўніцкім курсам. У малодшы клас прымалі не маладзей за 14 гадоў. Жадаючыя паступіць павінны былі падаць на імя загадчыка школы з наступнымі дакументамі: пасведчанне аб нараджэнні, пасведчанне аб паспяховым заканчэнні курса народнага вучылішча альбо царкоўнапрыходскай школы і пісьмовага засведчання мясцовага прыходскага свяшчэнніка аб сваіх паводзінах. Усе навучэнцы крысталіся казённым памяшканнем, ацяпленнем, асвятленнем (немалаважная на той час рэч), але “былі на ўсім сваім утрыманні”. Навучэнцы, якія паспяхова скончылі поўны курс, атрымлівалі пасведчанні на званне настаўніка царкоўнапрыходскіх школ.
Народныя вучылішчы давалі больш грунтоўныя пачатковыя веды. Яны падпарадкоўваліся Міністэрству народнай асветы. Працавалі народныя вучылішчы ў Занарачы (з 1863 г.), Засвіры (не пазней 1892 г.), Кабыльніку (зараз аг. Нарач – з 1892 г.), Канстанцінаве (Свірскі Савет, не пазней 1896 г.), Княгініне (мужчынскае і жаночае, з 1866 г.), Крывічах (не пазней 1886 г.), г.Мядзеле (з 1848 г.), Свіры (з 1864 г.), Слабадзе (не пазней 1892 г.), Шэметаве (з 1864 г.).
Настаўнікамі царкоўнапрыходскіх школ і школ граматы былі выпускнікі Засвірскай двухгадовай царкоўнапрыходскай школы, а для народных вучылішчаў – Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Сярод настаўнікаў, якія працавалі на Мядзельшчыне пасля заканчэння курсаў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі былі Аляксей Ясінскі (Кабыльніцкае народнае вучылішча), Андрэй Балаш (Шэметаўскае), Урмалай Сурвіла (Засвірскае), Аляксандр Васільеў (Занарачанскае), Іван Іваноў (Княгінінскае мужчынскае), Георгій Падзелінскі (Крывіцкае), Міхаіл Янкоўскі (Мядзельскае), Аляксандр Руды (Слабадское) і інш. Ганаруся тым, што працягваю справу Мычко Пракопа Маркавіча, які ў 1884 годзе адклікнуўся на покліч М.А. Някрасава “Сейте разумное, доброе, вечное...” і стаў першым настаўнікам школы ў вёсцы Старыя Габы.
Тады тыпавых будынкаў школ было вельмі мала. У асноўным школы размяшчаліся ў прыстасаваных памяшканнях, па сялянскіх хатах. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года школы пачалі адкрывацца ў былых панскіх маёнтках. Так, напрыклад, былі адкрыты Крывіцкім валасным Саветам сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў школы ў маёнтках Княгінін, Пакуцце і Беркаўшчына.
Вялікім было імкненне насельніцтва да атрымання ведаў на зразумелай роднай мове. У 1918 годзе ў Будславе была адкрыта беларуская гімназія – адна з першых беларускіх навучальных устаноў у гісторыі нашай краіны. Гімназія была закрыта польскімі ўладамі пасля заключэння Рыжскага міру. Горача выступіў у абарону нацыянальных школ, супраць іх закрыцця Б. А. Тарашкевіч. “Закрыта Беларуская настаўніцкая семінарыя ў Свіслачы, - пісаў ён, - беларуская гімназія ў Будславе. Тысячы подпісаў, пасылаемых у Вільню і Варшаву на адкрыццё беларускіх школ, засталіся без адказу… Беларускія школы былі проста сотнямі закрыты”.
У 1924 г. упаўнаважаны ад сялян вёсак Васюлькі, Міцкавічы, Княгінін і ст. Крывічы Я. Антановіч падаў школьнаму інспектару Вілейскага павета прашэнне замяніць існуючую ў Княгініне польскую школу на бкларускую, а таксама прадставіў 32 дэкларацыі на 52 дзяцей, бацькі якіх дамагаліся школы на роднай мове (дзяцей палякаў было 4). Але інспектар адмовіў, спаслаўшыся на тое, што “мала беларусаў”. У 1936 г. карэспандэнт газеты “Беларуская крыніца” пісаў пра цяжкае жыццё сялян і асабліва моладзі ў в.Чарэмшыцы, аб неабходнасці адкрыцця ў вёсцы беларускай школы.
“Гісторыя барацьбы за беларускую школу ў панскай Польшчы – гэта гісторыя, напісаная крывёю працоўных Заходняй Беларусі,” – сведчыць наш зямляк Максім Танк. Хаця колькасць школ крыху вырасла ў раёне – да 1939 г. было 68, у тым ліку 7 сямігадовых, - аднак ніводная з іх не давала нават няпоўнай сярэдняй адукацыі. Галоўнай мэтай школы была паланізацыя сялянскіх дзяцей. На тэрыторыі раёна не было ніводнай школы, дзе б выкладанне вялося на беларускай мове, нягледзячы на тое, што па Рыжскай дамове 1921 г. на нашай тэрыторыіі нацыянальныя меншасці Рэчы Паспалітай не павінны ўшчамляцца. А калі жыхары вёскі Гулі звярнуліся да ўлад з просьбайвесці вучобу ў мясцовай школе на роднай мове, ім было нетолькі адмоўлена, але паліцэйскія доўгі час рознымі прыдзіркамі праследавалі сялян.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 г. ў раёне паўсюдна пачалі адкрывацца школы. Выкладанне ў іх вялося на беларускай мове. Вялікую дапамогу ў арганізацыі школ на Мядзельшчыне аказаў Макстім Танк. У 1939 г. былі адкрыты 5 няпоўна-сярэдніх, 51 пачаткавая школа, а ў в.Камарова – школа мехпнізацыі самая першая на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі.
Развіццё школьнай справы перапыніла Вялікая Айчынная вайна. Многія настаўнікі ўзялі ў рукі зброю. На Мядзельшчыне змагаліся супраць ворагаў у партызанскіх атрадах, а потым на франтах настаўнікі П. М. Машэраў, Ф. Р. Маркаў, Я. А. Пронька, Т. С. Агеева, І. М. Мартынаў, Ф. Я. Папоў і іншыя. Поплеч з настаўнікамі ваявалі і іх былыя вучні. Гэта С. Роўда (14 гадоў), А. Місуна (14 гадоў), У. Малей (13 гадоў), М. Гардон (12 гадоў), І. Ліхач (14 гадоў), М. Валасевіч (13 гадоў), А. Роўда (12 гадоў). За тры гады гаспадарання на нашай зямлі захопнікі нанеслі вялікі ўрон гаспадарцы раёна. Было знішчана 50 школьных будынкаў з усім абсталяваннем.
Першага верасня 1944 года пасля вызвалення раёна дзеці селі за школьныя парты. Заняткі ў многіх школах распачалі былыя настаўнікі, якія змянілі вінтоўкі і аўтаматы на прафесію мірнага чалавека, Асветніка Народа. Сталі весці ўрокі Фёдар Яфімавіч Папоў, Іван Аляксандравіч Берняковіч, Анатоль Міхайлавіч Шаранговіч, Наталля Аляксандраўна Саўко і многія іншыя.
Да працы ў школе прыступіў жыхар в.Заўруткі Іван Кірылавіч Касяк. Гэта яму ў Заходняй Беларусі польскія ўлады забаранілі працаваць у школе за тое, што ён адстойваў права навучаць дзяцей на беларускай мове і ў адным з прагрэсіўных часопісаў змясціў верш, у якім былі такія словы:
У імя сваёй “заходняй культуры”
Вы проціў нашых школ паднялі паход –
Вы знішчылі тое, што цяжкаю працай
Сабе збудаваў беларускі народ.
Пройдзе некалькі гадоў і наш зямляк за старанную працу на ніве народнай асветы ў пасляваенныя гады будзе ўзнагароджаны ордэнам У.І.Леніна (самая вышэйшая ўзнагарода ў СССР), адновіць сяброўства з Якубам Коласам, якое пачалося ў г.Вільні ў дарэвалюцыйны час.
У першы пасляваенны год у раёне адкрыліся 2 сямігадовыя і 59 пачатковых школ. Навучанне даводзілася весці ў цяжкіх умовах: памяшканні былі цесныя, непрыстасаваныя. Нехапала неабходнага абсталявання. Працавала ўсяго каля 100 настаўнікаў.
Навучалася і дарослае насельніцтва. У гэтым ім дапамагалі школьнікі, што дало магчымасць да канца 1950 г. ўсяму насельніцтву ва ўзросце да 50 гадоў навучыцца чытаць і пісаць.
У 1955/1956 навучальным годзе ў раёне працавала 5 сярэдніх, 18 сямігадовых і 45 пачатковых школ, якія наведвалі 3 300 чалавек. У 1966 г. на тэрыторыі раёна была 108 школ, у якіх дзеці атрымлівалі васьмігадовую адукацыю. Большасць з іх працягвала вучыцца ў сярэдніх школах, якіх у раёне было 11. У Нарачы, Слабадзе, Мядзеле, Свіры, Крывічах і іншых населеных пунктах раёна выраслі новыя тыповыя будынкі школ.
У школах раёна творча працавалі 13 заслужаных настаўнікаў Беларусі.
Заслужаныя настаўнікі Беларусі:
- Верабей Іван Іванавіч,1975, дырэктар Мядзельскай сярэдняй школы .
- Дзедзюль Таццяна Іосіфаўна,1968, настаўнік матэматыкі Свірскай сярэдняй школы.
- Дубаневіч Эльвіра Канстанцінаўна, 1977, дырэктар Крывіцкай сярэдняй школы.
- Жук Васіль Пятровіч, 1973, намеснік дырэктара Сваткаўскай, Будслаўскай сярэдніх школ
- Жук Мікалай Аляксандравіч, 1968. Дырэктар Сырмежскай сярэдняй школы, загадчык Мядзельскага РАНА, начальнік упраўлення рэспубліканскага піянерскага лагера « Зубраня ».
- Каратай Канстанцін Арсеньевіч, 1967, дырэктар Мядзельскай сярэдняй школы.
- Лапаціна Тэрэза Эдуардаўн, 1972, настаўнік хіміі Мядзельскай сярэдняй школы.
- Сакалова Лідзія Георгіеўна,1960, дырэктар Мікольскай сямігадовай школы.
- Семяновіч Вольга Іванаўна,1966, загадчыца Гатавічскай пачатковай школы.
- Унучак Марыя Іванаўна,1968, настаўніца англійскай мовы Мядзельскай сярэдняй школы.
- Філановіч Марыя Канстанцінаўна, 1982, дырэктаршколы рэспубліканскага піянерлагера «Зубраня».
- Юркевіч Рэгіна Эдуардаўна,1980, настаўніца біялогіі Нарацкай сярэдняй школы №1
- Ясінская Вольга Філімонаўна, 1963, настаўніца пачатковых класаў Нарацкай сярэдняй школы №1.
У 1998 годзе на Мядзельшчыне было 19 сярэдніх, 9 базавых і 2 пачатковыя школы, Нарачанскае КПТВ і Свірскае СПТВ № 207, у якіх навучалася 5,15 тыс. вучняў.
Цяпер на Мядзельшчыне працуе 14 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 1 установа базавай адукацыі, 7 устаноў дашкольнай адукацыі, 1 спецыяльнай адукацыі і 1 установа дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
У школах і дашкольных установах працуюць настаўнікамі і выхавацелямі, арганізатарамі дзіцячых калектываў, псіхолагамі і бібліятэкарамі 548 чалавек, пераважная большасць якіх мае вышэйшую адукацыю.
За парты ў новым навучальным 2019/2020 годзе селі 2419 вучняў і ў дашкольныя ўстановы завіталі 850 выхаванцаў.