ДУА “Дукорскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-

сярэдняя школа”

Першая земская школа, так званае народнае вучылішча, была адчынена ў Дукоры ў 1863 годзе. Заняткі пачыналіся з 1 кастрычніка. У школе тады займалася 28 хлопчыкаў.

1866 год   “міністэрская” (пачатковая) школа.

1884 год – працавала яўрэйская школа.

1887 год – 2 земскія народныя вучылішчы (жаночае – 40 дзяўчынак i мужчынскае – 65 хлопчыкаў ), царкоўна-прыходская школа. Настаўнікамі працавалі Лявон Максімавіч i Надзея Сцяпанаўна Астапені. Закон божы вёў Рыгор Шыманоўскі.

1903 год – Дукорскія народныя вучылішчы ператвораны ў 2-х класныя вучылішчы Міністэрства народнай асветы.

1905 год – пачатковыя школы давалі самыя элементарныя веды па арыфметыцы, чытанні i мове. Закон божы быў галоўнай навукай. Будынкі школ мелі непрыстойны выгляд, у іх было самаробнае абсталяванне, адсутнічалі самыя неабходныя дапаможнікі.

1918 год – адчыніла дзверы вышэйшае пачатковае вучылішча.

1924 год былі створаны хаты-чытальні – пункты па ліквідацыі непісьменнасці.

1925 год працуе рабфак, які рыхтуе юнакоў і дзяўчат да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

1926 год дзейнічала сямігадовая школа з сельскагаспадарчым ухілам, у якой працавала 11 настаўнікаў. У тым жа годзе гэту школу скончыў У.Е.Лабанок, які пазней стаў беларускім дзяржаўным дзеячам, Героем Савецкага Саюза. Пры школе былі створаны бібліятэка, якая налічвала каля 1000 кніг, пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых, працавалі клуб, чытальня.

          1928 год адкрыўся рабфак з сельскагаспадарчым ухілам. Ён рыхтаваў навучэнцаў для Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Школе спатрэбіўся інтэрнат. За адно лета дукорцы абсталявалі ў былым панскім палацы двухпавярховы інтэрнат. Займаліся ў дзве змены: у першую школа, у другую рабфак. Дырэктарам школы быў Апацёнак, а рабфака Драб.

          1937 год школа пачала развівацца ў поўную сярэднюю.

          1939-1940 год   адбыўся першы выпуск сярэдняй школы. Чатыры выпускнікі атрымалі атэстаты сталасці з адзнакай.

1940-1941 год – у школе два выпускныя класы (50 чалавек). Драмгурткоўцы падрыхтавалі п’есу “Назар Стадоля”. На спектаклі прысутнічала журы з прадстаўнікоў Рэспубліканскага дома народнай творчасці. Школьны драматычны калектыў атрымаў дыплом I-й ступені і ўзнагароду паездку ў Маскву, на ВДНГ.

1941 год   нямецка-фашысцкія акупанты спрабавалі адкрыць у Дукоры школу, але адбыўся адзін кур’ёз: у першы ж дзень заняткаў вучні разбегліся.

          1944 год будынак школы (помнік архітэктуры 2-ой паловы (XIX ст.) быў узарваны.

  1944-1961 гады пад школу адведзены 9 прыстасаваных памяшканняў. Пасля вызвалення роднай вёскі Шычко Павел Мікітавіч  быў прызначаны дырэктарам Дукорскай школы і дырэктарам Дукорскага дзіцячага дома. У 1947 годзе Паўлу Мікітавічу было прысвоена званне Заслужанага настаўніка БССР. Шамак Міхаіл Аляксандравіч стаў дырэктарам школы ў 1947 годзе.

1961-1965 гады быў пабудаваны тыповы будынак школы на 640 вучняў з кабінетамі і спартыўнай залай. Дырэктарам школы ў гэты час працаваў Коханаў Мікалай Лаўрэнцьевіч. Менавіта ў гэты час школа адзначала свой стогадовы юбілей. У 60-ыя гады XX стагоддзя настаўнікі В.М.Свістун і М.П.Страх  заснавалі музей, экспанаты якога пазней ляглі ў аснову экспазіцыі раённага краязнаўчага музея.

1999 год – у школе пачала працаваць садавая група з дваццаццю выхаванцамі, у той жа час школа была перайменавана ў Дукорскую сярэднюю агульнаадукацыйную школу – сад.

2005 год школа змяніла назву – Дукорская дзяржаўная агульнаадукацыйная дзіцячы сад- сярэдняя школа.

2011 год – перайменавана ў дзяржаўную ўстанову адукацыі “Дукорскі навучальна – педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”.

         У 2019/2020 навучальным годзе ў дашкольнай групе ДУА “Дукорскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” 30 выхаванцаў,  у школе займаюцца 105 навучэнцаў з Дукоры і навакольных вёсак. Заняткі праводзяцца ў адну змену, але на гэтым школьнае жыццё не спыняецца. Другая палова дня прысвечана факультатыўным і спартыўным заняткам, працы ў аб’яднаннях па інтарэсах. Вучні наведваюць факультатыўныя заняткі гуманітарнага, прыродазнаўча-матэматычнага, творчага накірункаў, заняткі па фарміраванні беражлівых адносін і здаровага ладу жыцця. Навучэнцы з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі  навукова-практычных канферэнцый, прадметных алімпіяд, інтэлектуальных і творчых конкурсаў розных накірункаў.

       Працуюць ў школе 24 настаўнікі, амаль усе з вышэйшай і першай кваліфікацыйнымі  катэгорыямі. Прыемна адзначыць, што тры педагогі – выпускнікі школы розных гадоў. Дзейнічаюць 2 метадычныя аб’яднанні настаўнікаў-прадметнікаў, метадычнае аб’яднанне класных кіраўнікоў. У навучальнай установе для атрымання якаснай адукацыі працуюць высокакваліфікаваныя педагогі і маецца нядрэнная матэрыяльная база: 14 вучэбных кабінетаў, спартыўная і трэнажорная залы, сталовая, музейны пакой, бібліятэка, гульнявыя, спальні для дашкольнікаў, стадыён, дзіцячыя спартыўныя пляцоўкі, кабінет інфарматыкі з сучасным абсталяваннем, майстэрні.

        Дзейнасць установы скіравана на стварэнне спрыяльных умоў для ўсебаковага развіцця асобы з улікам індывідуальных здольнасцей, схільнасцей і адукацыйных запытаў.

       У розныя гады нашу школу закончылі вучні, якія сталі знакамітымі: дзяржаўныя дзеячы А.Р. Чарвякоў і У.Е.Лабанок; пісьменнік Васіль Гарбацэвіч і паэт Алесь Пісарык; прафесар, доктар філалагічных навук, заслужаны дзеяч навукі БССР М.А.Жыдовіч; доктар біялагічных навук У.В.Сарнацкі; журналіст, празаік, публіцыст, выдатнік друку Рэспублікі Беларусь А.А. Хазянін і многія іншыя. Усіх не пералічыць.

       Мяняецца час. Адно пакаленне змяняе другое, але школа застаецца родным домам для тых, хто вучыўся, вучыцца і вучыць. Кожны, хто завітаў сюды, набывае веру ў свае справы, упэўненасць у будучым, адчувае далучанасць да гісторыі школы і з’яўляецца яе стваральнікам.