СЛОВА АБ ПЕДАГАГІЧНАЙ ДЫНАСТЫІ ЛАНЮК

Долбік Нэля Іванаўна,

ветэран педагагічнай працы,

былы настаўнік замежнай мовы дзяржаўнай установы адукацыі

«Грэская сярэдняя школа»

 

Я, Долбік Нэля Іванаўна, прысвяціла школе, вучням, выкладанню любімай французскай мовы звыш 45 гадоў свайго жыцця. Аглядаючыся назад, на пройдзены шлях, разумею, што настаўнік – гэта самая высакародная і пачэсная пасада на зямлі. Настаўнік – гэта чалавек, які трымае ў сваіх руках заўтрашні дзень чалавека, краіны, будучае планеты Зямля.

Я з’яўляюся прадстаўніком педагагічнай дынастыі Ланюк. Пачынальнікам педагагічнай дынастыі была наша маці, Ланюк Галіна Міхайлаўна, якая ў пасляваенныя гады закончыла Слуцкае педагагічнае вучылішча і пачала працу на сваёй малой радзіме, у вёсцы Малышэвічы Слуцкага раёна, настаўнікам пачатковых класаў. Затым, пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М.Горкага яна была прызначана дырэктарам гэтай жа школы. Усё сваё жыццё маці жыла клопатамі школы. Яе педагагічны стаж склаў 60 гадоў.

Аналізуючы жыццё, прыходжу да высновы, што нішто так не палоніць людзей, як прыгажосць, нішто так не пераконвае, як праўда, і нішто так не ўздзейнічае, як прыклад. Па прыкладзе маці мы, усе яе трое дзяцей, сталі настаўнікамі. Наша дынастыя настаўнікаў прадаўжаецца ўжо ў 4-ым пакаленні. Агульны стаж нашай педагагічнай дынастыі каля 240 гадоў.

Калі пачаць расказ пра сябе, пра сваю педагагічную працу, па-першае, патрэбна ўзгадаць, з чаго ўсё пачыналася. Яшчэ з малых гадоў у мяне была вялікая мара стаць настаўнікам, працаваць у школе. Наша маці была настаўнікам, і мы, яе дзеці, і не маглі марыць пра што іншае, акрамя школы. Памятаю, як мы пастаянна гулялі ў школу, праглядвалі тыя сшыткі, якія правярала маці, дзялілі іх на добрыя і дрэнныя. Бывала, што маці брала мяне з сабою ў школу, я любіла пасядзець за настаўніцкім сталом, заўсёды з задавальненнем пісала мелам на школьнай дошцы, пасля мыла яе, каб зноў зрабіць запіс.

Нас у сям’і трое дзяцей, і ўсе мы звязалі жыццё з педагагічнай дзейнасцю. Мая сястра, Ланюк Лілія Іванаўна, працавала настаўнікам французскай і нямецкай мовы ў Грэскай сярэдняй школе, яе педагагічны стаж – 46 гадоў, з якіх 32 гады яна ўзначальвала гэту ўстанову адукацыі. За шматгадовую плённую педагагічную дзейнасць Лілія Іванаўна мае ўзнагароды, сярод іх Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Значок «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». Брат, Ланюк Іван Іванавіч, саліст тэатра оперы і балета, паспяхова спалучае сваю творчую кар’еру з выкладаннем музыкі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі і ў Мінскім музычным каледжы імя М.І. Глінкі.

Педагагічную дынастыю Ланюк прадаўжаюць унукі Галіны Міхайлаўны. Анжаліка Міхайлаўна Дробыш пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М.Горкага вярнулася ў родную школу і працуе настаўнікам пачатковых класаў. Яе педагагічны стаж складае 30 гадоў. Аксана Міхайлаўна Аляшкевіч пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка працуе навуковым супрацоўнікам на геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Зараз нашу педагагічную дынастыю прадаўжаюць праўнукі. Праўнук Галіны Міхайлаўны, Антон Сяргеевіч Дробыш, працуе ва Універсітэце грамадзянскай абароны па надзвычайных сітуацыях.

Мне здаецца, што наша дынастыя будзе прадаўжацца і далей. Праўнучка Галіны Міхайлаўны, мая ўнучка, яшчэ зусім малая, але з задавальненнем грэйзае мелам па дошцы.

Я ні разу не пашкадавала, што жыццё прысвяціла педагагічнай справе.

 

 

свернуть

«Слутчина в лицах» Педагогическая династия Ланюк