ДУА “Языльская сярэдняя школа

імя Героя Савецкага Саюза Г.А. Палаўчэні”

 

        Першае архіўнае ўпамінанне аб Языльскай царкоўна-прыхадской школе адносіцца да 1871 г. У гэтым дакуменце  гаворыцца, што “у сяле Языль дзейнічала царква, а пры ёй царкоўна-прыхадская школа, у якой навучаліся 18 вучняў-хлопчыкаў”.

        Царква пазней была разбурана. Замест яе ў 1896 пабудавалі новую. Пры ёй ужо працавала народная школа, дзе настаўнічаў Пётр Канстанцінавіч Мардзвілка – бацька беларускага празаіка і літаратурнага крытыка Аркадзя Пятровіча Мардзвілкі. У 1906 годзе зноў з’явілася царкоўна-прыхадская школа, у якой настаўнічалі дочкі Мардзвілкі – Аляксандра і Марыя.

        У 1932 годзе на базе пачатковай школы адкрываецца Языльская сямігадовая школа. Яе дырэктарам быў Іван Мартынавіч Шахлевіч. На вялікі жаль, Іван Мартынавіч быў незаконна і несправядліва асуджаны і стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій.

        У пасляваенныя гады дырэктарамі школы былі: Мікейчык К.І., Жэўняроў А.Р., Драка А.С., Каштальян Рыгор Іванавіч (1953-1958), Маскаленка Дзмітрый Рыгоравіч (1958-1961), Сяргееў І.Д. (1961-1962), Крыўленя Уладзімір Канстанцінавіч (1962-2001), Раманеня Мікалай Іванавіч (2001-2004).

        У 1965 годзе школа становіцца дзясяцігодкай і прымае статус сярэдняй. А ў 1979 годзе быў узведзены сучасны будынак школы. У 1981 годзе пачаў працаваць школьны краязнаўчы музей.

        У 2003-2004 навучальным годзе на базе школы дзейнічаў ліцэйскі клас пры БДУФК. Адкрыццё ліцэйскага класа дало магчымасць вучням старэйшых класаў вывучаць на павышаным узроўні беларускую мову і літаратуру, біялогію і фізічную культуру.

        З 2004 года пасаду дырэктара школы займае Грузд Мікалай Іванавіч, дзякуючы якому ў навучальнай установе надаецца вялікая ўвага здароваму ладу жыцця, фізкультуры і спорту, падтрымліваецца і развіваецца творчы дух. Сваім уласным прыкладам і энтузіязмам гэты чалавек стараецца прывіць найлепшыя якасці, якія  і далей спатрэбяцца ў жыцці падрастаючага пакалення.

        Грузд Мікалай Іванавіч з’яўляецца адным з заснавальнікаў нацыянальнага фестывалю бегу “Языльская дзясятка”, што кожны год праводзіцца ў раённым цэнтры Старыя Дарогі і куды наведваюцца сапраўдныя аматары бегу рознага ўзросту не толькі з усіх куткоў нашай краіны, але і з іншых дзяржаў.

        У 2018 годзе Мікалай Міхайлавіч Грузд атрымаў званне “Чалавек года Міншчыны”. Дзякуючы гэтаму чалавеку у тым жа годзе ДУА “Языльская сярэдняя школа імя Г.А. Палаўчэні” стала першай сярод сельскіх школ Мінскай вобласці ў фізкультурна-спартыўным накірунку.

У школе створана дасканалая сістэма спартыўна-масавай работы: урокі, секцыі, круглагадовая спартакіяда, Дні здароўя. Вучні паспяхова выступаюць у чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па экідэне “Капыльскія пагоркі”.

        Языльская сярэдняя школа актыўна супрацоўнічае з Беларускім дзяржаўным універсітэтам фізічнай культуры. Прыжылася ў школе такая форма спартыўнай адукацыі, як майстар-класы, што праводзяць з навучэнцамі і настаўнікамі вядомыя беларускія спартоўцы, такія як – чэмпіён Еўропы па баскетболу Ягор Мешчаракоў, алімпійскі чэмпіён па біятлону Сяргей Булыгін, алімпійская чэмпіёнка па лёгкай атлетыцы Юлія Несцярэнка, прызёр чэмпіянату Свету і Еўропы Алена Неўмяржыцкая і іншыя. Намеснікамі дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце былі: Нізановіч Л.А., Куксіна Зінаіда Яўгеньеўна (1953-1965), Даргель Вольга Браніславаўна (1965-1967), Верамей Ганна Іванаўна (1967-1991), Капачэня Жана Аляксандраўна (з 2014-2017 года), Пекар Таццяна Аляксандраўна – з 2017 г. З 1991 года і да 2013 года намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце працавала Капачэня Наталля Леанідаўна. 22 гады яна аддала гэтай пасадзе і была прафесіяналам у сваёй справе, сумленным чалавекам, выдатным памочнікам і дарадчыкам кіраўнікам школы з якімі прыходзілася супрацоўнічаць у розны час. Наталля Леанідаўна заўсёды праяўляла ўважлівасць да сваіх калег і вучняў, увесь час аказваючы ім дапамогу.

        Такім чынам, дзякуючы комплексу мерапрыемстваў па аздараўленню, у Языльскай сярэдняй школе вырашаецца пытанне зберажэння і ўмацавання здароўя вучняў. Фізічнае выхаванне складае важнейшую частку аздараўляльнай і выхаваўчай работы, з’яўляецца сродкам умацавання здароўя і фізічнага развіцця навучэнцаў.