Гісторыя развіцця Лядзенскай школы ў першай палове XIX ст.
Рашэнне аб адкрыцці пачатковай школы ў вёсцы Старыя Ляды было прынята Міністэрствам народнай асветы ў 1902 годзе. А ўжо ў наступным, 1903 годзе школа пачала працаваць. [7, л.47]. Для школы быў выдзелены зямельны надзел памерам 1 дзесяціна 500 сажняў, па сучаснаму гэта прыкладна 1,5 гектара. [8, л.1] (дадатак 1). 30 сотак былі адведзены пад агарод, а на 20 сотках быў адразу закладзены школьны сад. Школьны будынак меў памеры прыкладна 20 м. на 6,5 м. і дзяліўся на дзве палавіны. Адну складала памяшканне для вучобы. На другой палове будынка школы знаходзілася памяшканне для дзяцей з далёкіх вёсак: спальня, сталовая, кухня, кладоўка. [8, л.2] (дадатак 2)
Вучняў у школе ў гэты час было каля 80 – 100 чалавек, у асноўным хлопчыкі. Школа лічылася аднакласнай, аднак займаліся ў ёй вучні на працягу трох год, пераходзячы з малодшага ў сярэдняе, а потым у старэйшае аддзяленні. А з дзяўчынак увогуле толькі адна-дзве з дзесяці. (дадатак 3)
Заняткі вяліся 6 дзён, але кожны дзень было толькі 4 урокі. Першым заняткам кожны дзень быў Закон Божы. Яшчэ тры дні апошнім урокам было царкоўна-славянскае чытанне. [3, с.422] Пачыналіся заняткі ў 9 гадзін раніцы. Прадметаў было няшмат: руская мова, арыфметыка (па 5 гадзін у тыдзень), чытанне ( 6 гадзін), спевы (2 гадзіны). (дадатак 4)
Згодна “Памятных кніжак Мінскай губерніі” першым настаўнікам які працаваў у Лядзенскай школе быў Шафаловіч Уладзімір Фадзеевіч, які працаваў па 1907 г., а потым змяніў працу настаўніка на больш выгадную - стаў свяшчэннікам. У 1907-1909 гг. настаўнікам школы быў Восіп Іванавіч (Іосіф Юльянавіч) Паграбіцкі. Аб ім вядома, што нарадзіўся ён у мястэчку Копыль Слуцкага павету у 1871 г., скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў з 1891 г. У 1909 г. Восіп Паграбіцкі пераехаў з Лядоў у мястэчка Багушэвічы і стаў настаўнічаць там. Кароткі час пасля яго ў школе працаваў Сцяпан Бранавіцкі (1909-1910 гг). [11] (дадатак 5)
Са студзеня 1910 г. у школе пачаў працаваць Бондар Архіп Савіч, які ў 1909 годзе скончыў школу і па экзамену атрымаў званне настаўніка. Напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. школа называлася Лядзенскае аднакласнае сельскае вучылішча.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Лядзенская школа атрымала назву школы 1-й ступені. Нягледзячы на рэвалюцыйныя пераўтварэнні яна працуе і ў 1917 годзе.
З лютага па снежань 1918 г. частка тэрыторыі Беларусі, ў тым ліку і Ігуменшчына, была акупіравана германскімі войскамі. Вясной 1919 г. пачалася вайна з Польшчай. Ў час польскай акупацыі школа была не толькі закрыта, але і прыведзена ў поўную нягоднасць. Аднавілі сваю дзейнасць Ігуменскія павятовыя ўлады, якія ўзяліся за справу адукацыі. У пачатку 1920/1921 навучальнага года яны прызначалі ў Лядзенскую школу аднаго за другім настаўнікаў, але працаваць у школе не было магчымасці. На працягу некалькіх месяцаў (са жніўня па снежань 1920г.) у Лядзенскую школу былі адпраўлены 4 настаўнікі: Жыгалковіч Канстанцін Вікенцевіч, Кавалёнак Міхаіл Іванавіч, Жураўская Кацярына Аляксееўна, Фінскі Сямён Еўдакімавіч.[25, л.23,24 ] Аднак арганізаваць працу школы нікому з іх не ўдалося. У павет адпраўлялі толькі справаздачы: “Старое здание отремонтировать не представляется никакой возможности, а нанимаемое помещение для школы у граждан той же деревни не соответствует для устройства коллектива.” “Лядзенская школа не функцыяніруе. Памяшканне патрабуе рамонту і шкла”. [17, л. 47, 103] (дадатак 6)
Толькі ў пачатку наступнага 1921/1922 навучальнага года школа пачала працаваць нармальна. Звязана гэта было магчыма з тым, што ў школе пачалі працаваць мясцовыя жыхары, якія былі зацікаўлены ў аднаўленні школы. Зноў быў прызначаны на працу Бондар Архіп Савіч, а другім настаўнікам стаў таксама мясцовы жыхар Бабіч Аляксандр Фёдаравіч. У школе ў гэты час меліся 4 групы, 81 вучань, з іх 65 хлопчыкаў і 16 дзяўчынак. Матэрыяльную базу школы складалі 52 кнігі, 14 скамеек, 3 шафы. [24, л.47, 48] (дадатак 7) .
Ў 1923/1924 навучальным годзе школу наведвалі дзеці з 7 вёсак: Старыя і Новыя Ляды, Тадулічы, Курганок, Сасноўшчына, Старыя Дарогі, Чырвоная Слабада. У гэтых 7 вёсках пражывала 1176 душ насельніцтва, мелася 259 дзяцей ва ўзросце толькі ад 8 да 11 гадоў, з іх школу наведвалі толькі 67 дзяцей, з іх дзяўчынак усяго 15 (дадатак 8). Колькасць вучняў Лядзенскай школы ў 1923/1924 нав. годзе па ўзростах адлюстравана на дыяграме (дадатак 9).
Агульная колькасць вучняў складала ў пачатку навучальнага года 140 чалавек. А вось у канцы года ўсяго 104. Школу пакінулі 36 чалавек. Вучні выбывалі па розных прычынах, у асноўным па хваробе (20) і па недахопу адзення (10). (дадатак 10)
Пачыналі навучанне ў нулявым класе, а завяршалі ў трэцім. Пры гэтым з класа ў клас колькасць вучняў скарачалася: у нулявым 44, а ў трэцім толькі 4. У выпускны трэці клас ішлі толькі самыя здольныя, тыя, хто хацеў атрымаць далейшую адукацыю, а не толькі навучыцца пісаць, чытаць і лічыць. У дадзеным навучальным годзе выпускнікам было 10, 12, 13 і 15 гадоў. Самай малодшай была адзіная дзяўчынка, дачка шкраба Бондар Вера Архіпаўна. (дадатак 11)
Колькасць прадметаў, як і колькасць урокаў была невялікая. Урокаў не больш чатырох у дзень. Прадметы: беларуская мова, руская мова, пісьмо, граматыка, арыфметыка, грамадазнаўства.
Пакрыху расла і матэрыяльная база школы. Колькасць кніг за два гады вырасла да 140, з іх 27 буквароў. Цікава, што частка буквароў была яшчэ дарэвалюцыйных выданняў, але імі дазвалялі карыстацца. Меліся нават 2 карты, 1 табліца і класная дошка. На змену скамейкам прыйшлі парты і сталы. (дадатак 12)
Настаўнікаў у гэты час называлі шкрабамі, гэта значыць школьнымі работнікамі. Два шкрабы, Бондар Архіп Савіч і Бабіч Аляксандр Фёдаравіч, вучылі па 2 класы ў 2 змены.